Вы тут

Галоўны махляр Еўропы уцёк у Маскву праз Мінск. У Расіі яго ахоўвае ФСБ

Фінансіст Ян Марсалек​ / "Заборона"

Яна Марсалека часам называюць "галоўным махляром Еўропы". Былы менеджар Wirecard, ён лічыцца датычным да фінансавых махінацый у памеры амаль у два мільярды даляраў. Сёння Марсалек уваходзіць у спіс злачынцаў, якія найбольш шукаюцца па лініі Еўрапола, а Інтэрпол выдаў "чырвоны цыркуляр" — гэта значыць любая краіна-удзельніца арганізацыі абавязаная арыштаваць і экстрадаваць яго.

Як высветлілі аўтары расследавання цэнтра "Досье" і Süddeutsche Zeitung, Марсалек цяпер жыве ў Маскве пад абаронай расійскай ФСБ і з новым імем — Герман Бажэнаў.

Збегчы ў Маскву Марсалек змог у 2020-м праз Беларусь. Так, летам таго года ён прыляцеў у мінскі аэрапорт на бізнес-джэце. Запыт на яго суправаджэнне ў віп-зале адпраўлялі, дарэчы, з беларускай турфірмы "Планета грёз".

Заяўка на віп-суправаджэнне Марсалека / "Досье"

Беларускія ўлады "згубілі" відэа з Марсалекам у аэрапорце і не кажуць, што няма звестак пра тое, што ён пакідаў тэрыторыю Беларусі. Але экс-менеджара знайшлі ў Маскве.

Пра магчымую сувязь Марсалека з расійскімі спецслужбамі яшчэ некалькі гадоў таму казаў даследчык Bellingcat Хрыста Грозеў. Паводле яго звестак, Марсалек дзясяткі разоў наведваў Расію з рознымі пашпартамі і ўступаў у кантакт з прадстаўнікамі ФСБ. Як пісала Financial Times, Марсалек летам 2018 года выхваляўся сакрэтнымі дакументамі пра прымяненне атрутнага рэчыва "Навічок" у Вялікабрытаніі і сувязямі з сакрэтнымі службамі ў спробе дамовіцца з трэйдарамі ў Лондане.

Крах Wirecard

Махінацыі на суму амаль у 2 мільярды еўра ў аплатнай сістэме Wirecard, якая першапачаткова прапаноўвала паслугі анлайн-казіно і порнасайтам, выявілі летам 2020-га журналісты Financial Times. Пасля гэтага кампанія збанкрутавала, хоць была ў топ-30 найбуйнейшых фірмаў Германіі.

Фота з расійскіх пашпартоў Яна Марсалека / The Insider

Кіраўнік кампаніі Маркус Браўн адразу быў арыштаваны, але чалец рады дырэктараў Марсалек змог уцячы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.