Галоўчанка запрашае да сябе ўсіх, хто хоча займацца "імпартазамяшчэннем"

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка запрашае да сябе ўсіх, хто хоча займацца "імпартазамяшчэннем". Ім абяцаюцца "танныя грошы". Пра гэта ён заявіў у пятніцу падчас наведвання Мядзельскага раёна.

"Канешне, мы не тое, што кінуліся займацца імпартазамяшчэннем пасля санкцый, — гаварыў Галоўчанка. — Даўно былі адпаведныя рашэнне прынятыя. Магчыма, проста гэтая сітуацыя крыху нас падштурхнула".

І ўрад стаў "дзейнічаць хутчэй". Ён згадаў 27 новых праектаў па імпартазамяшчэнні, якія "унесены ў Банк развіцця для дадатковага фінансавання". Але прэм'ер спадзяецца, што "у сферу імпартазамяшчэння прыйдуць не толькі буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы і аб'яднанні, але туды актыўна прыйдзе малы і сярэдні бізнес".

"Мы разумеем, што гэта патрабуе пэўных укладанняў, пэўных высілкаў, — працягвае Раман Галоўчанка. — У гэтай сувязі ўрад спецыяльна для падтрымкі тых прадпрымальнікаў, якія хочуць ісці ў імпартазамяшчэнне, развіваць вытворчую дзейнасць, прадугледзелі пачатковую праграму, якая стартавала з лютага".

Прэм'ер-міністр падкрэслівае, што выгадныя крэдыты абяцае Банк развіцця. І ўжо "ёсць 16 прэтэндэнтаў на атрыманне гэтых рэсурсаў". Галоўчанка чакае больш прапаноў. "Хто не ведае куды ісці, запрашаю, можаце проста да мяне ісці, я хутка ўсё арганізую, для таго, каб заяўкі былі разгледжаны вельмі хутка", — заявіў ён.

Прэм'ер наведаў на Мядзельшчыне некалькі прадпрыемстваў, дзе цікавіўся імпартазамяшчэннем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.