Вы тут

"Сапраўдны электарат Лукашэнкі на акцыі пратэсту яшчэ не выходзіў"

Фота: Еўрарадыё

Што магло падштурхнуць улады да жорсткага разгону акцыі з нагоды Дня Волі? Да чаго гэта можа прывесці як ўнутры самой Беларусі, так і на міжнароднай арэне ― ва ўзаемаадносінах з Захадам? Адказаць на гэтыя ды іншыя пытанні ў студыю Еўрарадыё прыйшлі палітолагі Аляксандр Фядута і Андрэй Елісееў.

Цалкам размову з Аляксандрам Фядутам і Андрэем Елісеевым можна паслухаць

Разгон Дня Волі ―гэта больш, чым глупства, ― гэта памылка

 

Еўрарадыё: Парад тэхнікі, які прадэманстравалі 25 сакавіка сілавікі, пакінуў уражанне, што беларускія ўлады на поўным сур’ёзе рыхтаваліся да разгону Майдана і прарыву барыкад. Няўжо яны сапраўды верылі, што такое магчыма?

Аляксандр Фядута: Наша ўлада вельмі любіць паказальныя мерапрыемствы, дзе можа паказаць народу, куды ідуць нашы грошы ― падаткі і тых, хто працуе, і “дармаедаў” Так, 9 мая абавязкова будзе парад вайсковай тэхнікі, а на Дзень Незалежнасці 3 ліпеня зноў пагоняць трактары па праспекце. Ну, а 25 сакавіка чым не нагода паказаць, як узброенае наша Міністэрства ўнутраных спраў. Бо дзе ж вы бачылі ў Мінску больш-менш прыстойную барыкаду? Магчыма, апошнюю бачылі ў 1905 годзе. Але цяпер 2017-ы.

Еўрарадыё: І такі разгон мірнай акцыі ― гэта быў адзін з элементаў таго паказальнага шоў? Ці навошта было так рабіць?

Аляксандр Фядута: Як на мой погляд, то гэта было глупствам. Бо напярэдадні пасадзілі бедных анархістаў, пасадзілі “Белы легіён”, злавілі Дашкевіча і яго ката ― кот, дзякуй богу, вярнуўся, а Дашкевіч пакуль што не, нейкім чынам затрымалі Статкевіча і Някляева… Ну ўсё! Усе астатнія не маюць ніякіх планаў і збіраюцца проста адствяткаваць ― дайце ж ім пасвяткаваць! Але ж трэба нейкім чынам захоўваць твар, трэба прадэманстраваць грамадству, што небяспека нікуды не знікла. Ідзе парад тэхнікі, ідуць “касманаўты”, але ж ім трэба нешта рабіць, і яны проста робяць “хапун”. Але атрымалася па выніку так, што наша ўлада запалохала сябе больш, чым людзей. Людзі пакрыўдзіліся на тое, як да іх паставіліся. Ніхто не збіраўся біць шыбы ці перакуляць машыны, не было ніводнай дымавой шашкі ― з чым змагаліся сілавікі? З тых дзвюх з нечым тысяч, што сабраліся, амаль тысячу пасадзілі ў аўтазакі і адвезлі ў пастарункі, а пасля на большасць нават не складалі пратаколаў. Атрымліваецца, што гэтыя людзі нічога не парушалі! Гэта больш, чым глупства ― гэта памылка. Сур’ёзная палітычная памылка нашай улады.

Андрэй Елісееў: Галоўная мэта разгону ― збіць хвалю пратэстаў. Тое, што пратэсты пайшлі ў рэгіёны ― важны сацыяльны феномен, даўно такога не было. Такая тэндэнцыя палохае Лукашэнку, яму трэба прадэманстраваць беларусам, што любыя пратэсты будуць душыць. А пратаколы не складалі для таго, каб не пагаршаць адносіны з Захадам. Таму мне падаецца, што дзеянні ўладаў былі даволі рацыянальнымі. Суперпамылкай было прыняцце дэкрэта №3. Але цяпер, калі пратэсты пайшлі, а Лукашэнка па завядзёнцы адступаць не хоча, то дзеянні ўладаў у дачыненні да пратэстных акцый дзіўнымі не падаюцца. Да ўсяго, не ўсіх жа затрыманых адпусцілі ― частку засудзілі. Прычым, зладзілі нейкую рулетку: не вядома, па якім прынцыпе некага адпускалі, а некага каралі. Падаецца, што ўлады маюць нейкі план.

 

Калі ў Беларусі з’явяцца палітычныя зняволеныя, то і Еўрасаюз адпаведна будзе ставіцца да Беларусі

 

Еўрарадыё: У чым канкрэтна, на ваш погляд, была палітычныя памылка ўладаў 25-26 сакавіка?

Аляксандр Фядута: Небяспека, якую ўяўлялі сабой пратэсты ў рэгіёнах, значна меншая, чым тая моц, якая была выкарыстаная дзеля перамогі. Зараз мы будзем сведкамі таго, як улада будзе выходзіць з тых “хапуноў”, што былі напярэдадні Дня Волі ― анархісты і “Белы Легіён”. І я не ўпэўнены, што ў нас не з’явяцца новыя палітзняволеныя, якія будуць прызнаныя афіцыйнымі праваабарончымі арганізацыямі. А гэта вельмі дрэнна для ўлады. Хутчэй за ўсё, у красавіку не будзе прынятае рашэнне пра выдзяленне Беларусі трэцяга траншу крэдыту, не пазычыць нам грошы МВФ. Што дрэнна не толькі з эканамічнага, але і з палітычнага пункту гледжання. І мы не ведаем, як павядзе сябе Захад. Так, ідуць перамовы з ЕС, троху палепшыліся адносіны з ЗША, але мы пакуль не ведаем рэакцыі новага кіраўніцтва ЗША. Тут не варта забываць, што вялікі ўплыў на спадара Трампа сёння маюць “цяжкавагавікі” з яго партыі. Такія, як той жа сенатар Макейн. А ён ужо зрабіў сваю заяву. Не вядома, якім будзе стаўленне да апошніх падзей Дзярждэпартамента ЗША. Але ўжо ёсць заява кіраўніка БДІПЧ і ёсць некалькі грубых памылак у дачыненні да замежных грамадзян, што тут знаходзіліся. Што да Еўрасаюза, то там рашэнні будуць прымацца вельмі цяжка, і будуць залежыць ад таго, ці з’явяцца ў нас новыя палітзняволеныя. Калі па справе “Белага легіёна” доказаў будзе не шмат, калі будзе спроба правесці закрыты суд. То, магчыма, гэтыя хлопцы будуць прызнаныя палітычнымі зняволенымі і Еўрасаюз адпаведна будзе ставіцца да Беларусі. Думаю, ўлада разумее наступствы гэтага працэсу дастаткова моцна.

Андрэй Елісееў: У цяперашняй геапалітычнай сітуацыі Захад не хоча перарываць дыялог з Беларуссю. Але калі сапраўды з’явяцца палітзняволеныя, то пытанне будзе пастаўленае сур’ёзна. І тут яшчэ адзін важны фактар ― меркаваны візіт у Беларусь Папы Рымскага. Цяпер у Мінска ўнешнепалітычная ідэя-фікс ― пазіцыянаваць Беларусь, як рэгіянальнага міратворцу. Вядома, што планы візіту Папы Рымскага былі абвешчаныя, і Лукашэнка хоча на іх добра прапіярыцца. Але відавочна, што ніякага візіту не будзе, калі ў нас з’явяцца палітвязні. А Ватыкан будзе настойваць, каб палітвязні, калі яны з’явяцца, былі вызваленыя. Таму я лічу, што крымінальная “справа “Белага легіёна” будзе альбо спыненая, альбо аргумент візіту Папы Рымскага будзе важкім для таго, каб іх у выпадку асуджэння вызвалілі цягам некалькіх месяцаў.

Аляксандр Фядута: Апроч візіту Папы Рымскага, ёсць яшчэ фактар сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая павінна прайсці ў нас на пачатку ліпеня. Відавочна, што калі ў нас з’явяцца новыя палітвязні, то мы можам атрымаць байкот шэрагу ўплывовых парламенцкіх дэлегацый.

 

Пратэсты працягнуцца, хоць, магчыма, і не будуць шматлікімі

 

Еўрарадыё: Склалася ўражанне, што людзей не асабліва палохала пагроза затрымання. Нават чуў фразу пасля: “Нават сорамна, што мяне не ўзялі”. Гэта такая бравада постфактум ці сапраўды такія настроі ў грмадстве?

Аляксандр Фядута: Не думаю, што гэта настрой… Нікому б я не пажадаў, каб іх “узялі”, і каб яны праводзілі час у камерах. Вельмі гэта непрыемна ― магу сцвярджаць, абапіраючыся на ўласны досвед. Гэта бравада. Але яшчэ і спроба сказаць самому сабе: “Я на самой справе прытрымліваюся той жа пазіцыі”. Гэта супакойванне найперш свайго сумлення. А каму шкада ― не шкадуйце. У вас будзе магчымасць прадэманстраваць свае погляды ў іншы раз, у іншым месцы, з іншай нагоды. Да ўсяго, можа атрымацца так, што нібыта забіраюць на суткі, а прасядзець давядзецца месяцы, а камусьці і гады.

Еўрарадыё: “Антыдармаедскія” пратэсты працягнуцца ў рэгіёнах ці запалохаць людзей атрымалася?

Андрэй Елісееў: Запалохванне часткова ўдалося. Пратэсты працягнуцца, хоць, магчыма, і не будуць шматлікімі. Тут усё залежыць ад арганізацыі і каардынацыі. Лукашэнку не палохаюць шматтысячныя акцыі пратэсту ў сталіцы. Яго больш палохае, што яго ўладная вертыкаль задрыжыць і пачне сумнявацца і вагацца, калі такая колькасць людзей будзе выходзіць на вуліцы. Такія рэжымы, як у Беларусі, даволі рэдка перажываюць працяглыя эканамічныя крызісы. Але гэта не азначае, што беларускі рэжым хутка зваліцца: пакуль не будзе добра арганізаваных пратэстных акцый, якаснай медыя-стратэгіі і працы апазіцыі ў шырокім сэнсе гэтага слова з рознымі сегментамі насельніцтва, то ніякай непасрэднай пагрозы цяперашняй сістэме не будзе.

Еўрарадыё: На ваш погляд, на акцыі пратэсту супраць дэкрэта №3 сапраўды выйшаў электарат Лукашэнкі?

Аляксандр Фядута: Не. Гэта не электарат Лукашэнкі. Нават у той момант, калі выходзілі на вуліцы так званыя недармаеды ― нават тады гэта не быў электарат Лукашэнкі. Гэта была тая “дрыгва”, якую ўзнялі апошнія дзеянні ўлады. Ведаеце пра “сіндром дзеда Талаша”? Павінны адабраць апошнюю карову, каб ты адчуў патрэбу ў нейкіх актыўных дзеяннях. Да ўсяго, адбылася рэструктурызацыя электарату: цяпер электарат Лукашэнкі ― гэта не пенсіянеры і не сялянства. Іх у новым складзе электарату Лукашэнкі значна менш.

Фота Еўрарадыё

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі

Фота з архіву