Фрыдман: Меркель з Лукашэнкам размаўляла вымушана, з Ціханоўскай — добраахвотна

Фрыдман: Меркель з Лукашэнкам размаўляла вымушана, з Ціханоўскай — добраахвотна

Святлана Ціханоўская сёння выступіла ў Еўрапарламенце. Яна даволі рэзка выказалася, калі заклікала еўрапейскіх палітыкаў да больш рашучых дзеянняў для вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі.

Такая рыторыка Ціханоўскай — сведчанне яе самастойнасці, распавёў у эфіры Еўрарадыё гісторык Аляксандр Фрыдман:

“Яна не павінна казаць тое, што падабаецца заходнім палітыкам. Калі ёй нешта не падабаецца — стаўленне, лексіка заходніх сродкаў масавай інфармацыі — гэта яе абсалютнае права адкрыта пра гэта заяўляць, думаючы пра тое, а як на гэта паглядзяць у Парыжы, у Берліне ці ў Рыме. Калі яна хоча быць беларускім палітыкам, яна не павінна арыентавацца на заходніх партнёраў”.

Фрыдман звяртае ўвагу, што такая стратэгія Ціханоўскай працуе. Як прыклад: пасля тэлефанавання Лукашэнку праз некалькі дзён нямецкая канцлерка патэлефанавала менавіта Ціханоўскай.  

“Гэта вельмі цікавы і моцны крок у дачыненні да Лукашэнкі, каб ён не асабліва захапляўся сваімі так званымі перамовамі з Меркель. Меркель яму патэлефанавала вымушана, бо іншай сітуацыі не было. Я не кажу, што гэта не спрэчны крок. Досыць крытычна гэта ацэньваю — званкі да Лукашэнкі. 

Але калі паглядзець на тое, што адбылося ў выніку — мігрантаў прыбралі ад мяжы, — гэта, зразумела, вынік таго, што Меркель зрабіла такі крок. З Ціханоўскай яна відавочна размаўляла не вымушана, а добраахвотна. Знаходзячыся апошнія дні на пасадзе канцлера Германіі, у Ангелы Меркель хапае працы — і кавідная сітуацыя ў Германіі, і іншыя праблемы. Калі яна знайшла час, каб паразмаўляць з Ціханоўскай, то гэта азначае, што для Меркель гэта была важная справа”.

Чаму гэта зрабіла Меркель? Таму што Ціханоўская ў Вене досыць крытычна выказалася наконт гэтых званкоў і сказала, што фактычна беларускае грамадства не вельмі разумее, чаму Меркель размаўляла з Лукашэнкам. “Гэта прайшлося ў прэсе: спачатку ў аўстрыйскай, а пазней нямецкай. Меркель вымушана была рэагаваць, каб не было непаразуменняў”, — кажа гісторык.  

Фрыдман звяртае ўвагу на цікавы момант у гэтай размове паміж Ціханоўскай і Меркель: “Ангела Меркель добра валодае замежнымі мовамі: і англійскай, і рускай (яшчэ з часоў ГДР). Але публічна яна не выказваецца на замежных мовах. Яна перфекцыяністка: лічыць, што не можа ведаць ідэальна не родную мову. Але з Ціханоўскай яна размаўляла на англійскай мове, і дзякуючы гэтаму я асабіста ўпершыню пачуў, як Меркель размаўляе на англійскай мове”.   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі