ЕС пачаў антыдэмпінгавае расследаванне супраць Беларускага металургічнага завода

31 сакавіка Еўракамісія пачала супраць Беларускага металургічнага завода антыдэмпінгавае расследаванне па гарачакачанай арматуры, паведамляе tut.by.

Скарга на беларускіх пастаўшчыкоў 15 лютага 2016 года падала Еўрапейская асацыяцыя вытворцаў сталі Eurofer ад імя заводаў, якія кантралююць больш за 25% рынку арматуры ў ЕС.

Eurofer незадаволеная вялікімі аб'ёмамі паставак арматуры з Беларусі па нярынкавых коштах. У дакуменце гаворыцца, што аб'ём і кошты ўвезеных тавараў аказалі адмоўны ўплыў на аб'ёмы продажаў і ўзровень коштаў на прамысловым рынку Еўрасаюза. А гэта адмоўна паўплывала на фінансавае становішча шэрагу прадпрыемстваў Еўрасаюза.

Беларускі металургічны завод — адзіны вытворца арматуры ў Беларусі. У 2015 годзе ён павялічыў экспарт у Еўропу з 785 тысяч тон да 1,2 млн тон. Гэта звязана з перанакіраваннем паставак з Расіі, бо там гадавы попыт на арматуру знізіўся на 15%. Еўрастат інфармуе, што ў 2014 годзе імпарт прадукцыі, па якой вядзецца расследаванне, з Беларусі склаў 260,7 тысяч тон, а ў 2015-м — амаль 500 тысяч тон. У выніку доля арматуры з краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз, вырасла з 19,8% да 29,3%.

Калі ЕС увядзе антыдэмпінгавую пошліну на прадукцыю БМЗ, гэта можа негатыўна адбіцца на даволі складаным фінансавым становішчы жлобінскага прадпрыемства. Нядаўна завод атрымаў дзяржпадтрымку на 240 млн долараў. Па выніках трох кварталаў 2015 года БМЗ трапіў у лік самых стратных ААТ краіны: чыстыя страты прадпрыемства склалі 636,6 мільярдаў рублёў.

На Беларускім металургічным заводзе пакуль не каментуюць расследаванне Еўрасаюза.