Вы тут

ЕС абмеркаваў з часовым павераным у справах Беларусі праблемы на мяжы з Літвой

ЕС звярнуў увагу беларускіх уладаў на сітуацыю на мяжы з Літвой / pixabay.com

Замежнапалітычная служба Еўрасаюза выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі, каб абмеркаваць з ім праблемы бежанцаў на мяжы з Літвой, перадае РІА "Новости".

Прадстаўніца Еўракамісіі Набіля Масралі на прэс-канферэнцыі ў сераду паведаміла: "Да яго была даведзена наша глыбокая занепакоенасць інструменталізацыяй праблемы бежанцаў і мігрантаў, што з'яўляецца непрымальнай практыкай. Гэта павінна быць неадкладна спынена". Па яе словах, афіцыйны Мінск павінен выконваць свае міжнародныя абавязацельствы, у тым ліку ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй.

Праблема з нелегальнымі мігрантамі, якія ідуць з Беларусі ў Літву, стаіць настолькі востра, што Еўракамісія абмяркоўвае скліканне экстранай сустрэчы міністраў унутраных спраў Еўрасаюза, перадае ТАСС. Яна можа прайсці ў жніўні, заявіў прадстаўнік ЕК Адальберт Янц. Гэтая тэма, па яго словах, абмяркоўвалася ў размове еўракамісара па ўнутраных справах Ілвы Ёхансан з кіраўніком МУС Італіі Лучанам Ламарджэзе.

Літва з 3 жніўня стала вяртаць назад у Беларусь нелегальных мігрантаў. Ад пачатку года з Беларусі ў Літву нелегальна перайшлі мяжу каля 4000 чалавек — у 50 разоў больш, чым за ўвесь папярэдні год. У Вільні і Бруселі лічаць гэта аактам гібрыднай агрэсіі з боку беларускіх уладаў.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка 5 жніўня загадаў не пускаць нелегальных мігрантаў назад у Беларусь. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.