Дзяржкантроль не знайшоў парушэнняў толькі ў 4 з 527 школ Гомельшчыны

Дзяржкантроль не знайшоў парушэнняў толькі ў 4 з 527 школ Гомельшчыны

Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці падвёў вынікі маніторынгу школаў. Міжведамасныя камісіі правяралі школы вобласці ў лістападзе-снежні 2019 года. Недахопы і парушэнні былі выяўленыя ў 523 з 527 школаў Гомельшчыны. 

"Сярод асноўных парушэнняў — неналежны тэхнічны стан элементаў будынкаў і інжынерных сістэм; невыкананне супрацьпажарных норм і правілаў; утрыманне тэрыторый, памяшканняў і інжынерных сістэм у неналежным санітарным стане; незабеспячэнне ў поўным аб'ёме грамадскай і дарожна-транспартнай бяспекі; неналежны стан тэрыторый школ, у тым ліку спартыўных плоскасных збудаванняў", — пералічваецца ў паведамленні.

У 83% школ Гомельшчыны не праводзіліся абследаванні будаўнічых канструкцый спецыялізаванымі арганізацыямі — такія абследаванні неабходна праводзіць не радзей, як адзін раз у пяць гадоў. 

У некаторых школах такія абследаванні праводзіліся. Але рэкамендацыі па рамонце будынкаў пасля абследавання не былі выкананыя ў Ельскім, Лельчыцкім, Кастрычніцкім і Петрыкаўскім раёнах, Навабеліцкім, Чыгуначным, Савецкім і Цэнтральным раёнах Гомеля.

Няспраўнасці сістэм пажарных сігналізацый выяўленыя ў 10 школах — Жыткавіцкім, Буда-Кашалёўскім, Лельчыцкім, Кастрычніцкім і Петрыкаўскім раёнах. 

Практычна ва ўсіх раёнах вобласці і ў самім Гомелі былі выяўленыя парушэнні санітарных нормаў і правілаў.

Паведамляецца, што на капітальны і бягучы рамонт школаў у Гомельскай вобласці за апошнія чатыры гады вылучалася не больш, як 1,2% ад агульнага аб'ёму фінансавання адукацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі