Дзве беларускі чакаюць суда пасля фота з БЧБ-сцягам на фоне "Матроскай цішыні"

Затрыманыя дзяўчыны з БЧБ-сцягам / скрыншот РИА Новости
Затрыманыя дзяўчыны з БЧБ-сцягам / скрыншот РИА Новости

Падчас масавых пратэстаў у Расіі 31 студзеня каля Маскоўскага СІЗА №1 "Матроская цішыня" затрымалі двух грамадзянак Беларусі — Насту і Ларысу. Дзяўчыны пазіравалі рэпарцёрам з БЧБ-сцягам проста побач з ачапленнем. Раптам да іх падбеглі сілавікі і адвялі ў паліцэйскі аўтобус.

—  Мы не хацелі прыцягваць да сябе шмат увагі, але як выйшла, так выйшла, — распавядае Еўрарадыё адна з дзяўчат. — Ды й мы ўлічвалі тое, што БЧБ-сімволіка не мае ніякага негатыўнага значэння ў Расіі. Нас затрымалі не праз сцяг. Пра сцяг ніхто не пытаўся, і ў справе ён нават не праходзіць.

На відэа з затрыманнем добра відаць, што дзяўчаты не паводзяць сябе агрэсіўна і на першы погляд не падобныя да парушальнікаў. Чым сілавікі патлумачылі затрыманне?

— Нічым. Затрымлівалі абсалютна ўсіх, хто праходзіў нават міма. Пратаколы складзеныя незаконна. Там прапісваюцца дзеянні, якія не адносяцца да нас, якіх мы не рабілі, — адказвае дзяўчына.

Две белоруски ждут суда после фото с БЧБ-флагом на фоне “Матросской тишины”
Ларыса і Анастасія / Еўрарадыё

Зараз дзяўчаты дома — чакаюць суда, які адбудзецца ў лютым. Што канкрэтна ім інкрымінуюць, яны не кажуць, тлумачачы гэта меркаваннямі бяспекі.

У нядзелю, 31 студзеня, у Расіі прайшлі акцыі пратэсту, звязаныя з патрабаваннем выпусціць на волю палітыка Аляксея Навальнага. Па ўсёй краіне ў гэты дзень было затрымана больш за 5000 чалавек — для Расіі гэта антырэкорд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі