"Дзіўная" аварыя, у якую трапіў Фінькевіч, летась адбылася з Калякіным

Ледзьве не загінуў у аўтакатастрофе адзін з лідэраў "Маладога фронту" Артур Фінькевіч. У аўтамабіля "Опель-Амега", у якім у суботу ехаў з Гродна ў Мінск малады палітык, на хуткасці 100 кіламетраў адвалілася кола. Як паведамляе сайт belmy.info, машына выляцела з трасы і тройчы перавярнулася. Яна не падлягае аднаўленню, а Фінькевіч і яшчэ двое маладафронтаўцаў, на шчасце, моцна не пацярпелі.  Артур Фінькевіч сцвярджае, што аўтамабіль быў тэхнічна спраўны, а пяць балтоў, якімі мацуецца кола, не маглі адначасова раскруціцца.

Як даведалася Еўрарадыё, падобная аварыя 31 жніўня 2007-га магла адбыцца з аўтамабілем, у якім вярталіся з Брэста сустаршыні Палітрады АДС Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька. Вось што ўспамінае Калякін:

"Кола было адкручана. Мы праехалі з Брэста прыблізна 150 кіламетраў і кола пачало стукаць. І дасведчаны кіроўца заўважыў, што нешта не так. Калі ён спыніў машыну, мы паглядзелі - балты былі адкручаны, і іх можна было рукамі выварочваць. Калі б мы праехалі кіламетраў 70, колы адваліліся б".


Сяргей Калякін перакананы, што "балты самі не могуць развінціцца" і зусім верагодна, што "гэта была кімсьці спланаваная акцыя". Ён прыгадвае, што ў Бярозе яны заходзілі ў кавярню, а ў гэты час каля іх аўтамабіля стаялі невядомыя людзі.

Фота - nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі