Дзе грошы і хто падкупіў медыя? Праз што сварыліся дэмсілы на Канферэнцыі

Дзе грошы і хто падкупіў медыя? Праз што сварыліся дэмсілы на Канферэнцыі

Ці змаглі дэмсілы дамовіцца пра тэрміналогію ўлады падчас канферэнцыі “Новай Беларусі” ў Вільні і ці знайшлі вінаватага ў правале дэмакратычных сіл? Коратка пераказваем, што абмяркоўвалі, пра што дамаўляліся і праз што сварыліся беларускія дэмакраты ў канцы першага для Канферэнцыі.
 

Вячорка: “Ёсць віна Офіса, што не дамовіліся, але не толькі яго”

Дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка адказаў на пытанне, ці прымае Офіс адказнасць за правалы мінулых гадоў.  У часе Канферэнцыі ў Вільні ён паразважаў над тым, чаму ўсіх сабак павесілі на Офіс.

— Я разумею, што на Офіс Святланы Ціханоўскай спусцілі ўсіх сабак у інфармацыйнай прасторы, таму што Офіс найбольш заўважны. Канешне, ёсць віна Офіса, але, магчыма, ёсць віна ўсіх дэмакратычных сіл у тым, што не дамовіліся, недапрацавалі, не скаардынаваліся, не стварылі кабінет трошкі раней. Мы бярэм на сябе адказнасць, мы прызнаем усё, што было не зроблена.

Дзе грошы і хто падкупіў медыя? Праз што сварыліся дэмсілы на Канферэнцыі
Канферэнцыя "Новая Беларусь" / Еўрарадыё

Ці гатовы яшчэ нехта падзяліць з Офісам калектыўную адказнасць? Сябра Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова лічыць, што прымаць калектыўную адказнасць можна ў выпадку, калі рашэнні таксама прымаліся калектыўна. Тую сітуацыю, у якой апынуліся дэмсілы цяпер, яна лічыць добрай нагодай, каб пачаць працаваць у кірунку такой калектыўнай мадэлі прыняцця рашэнняў.
 

Што далей?

Франак працягнуў: Офіс мае не толькі пачуццё віны, але і дакладнае разуменне, што трэба рабіць лепш. Каманда Святланы Ціханоўскай гатовая ўключацца ў працу пераходнага ўрада, сказаў Вячорка. Пры ўмове, што кабінет будзе зацверджаны Ціханоўскай.

— Мы не збіраемся здавацца, мы не апускаем рукі, уся каманда, якая працавала са Святланай Ціханоўскай, у тым жа баявым стане працягвае гэтую працу.

Ён паабяцаў, што каманда будзе “рукамі, нагамі і інтэлектуальным рэсурсам” новага ўрада ў выгнанні.
 

Але спачатку аўдыт

Вераніка Цапкала пачала з успамінаў пра 2020 год і пра тое, як добра рабілася праца аб’яднаным штабам. Праца ў штабе ёй падабалася, а вось праца Офіса Ціханоўскай падабаецца меней.

Дзе грошы і хто падкупіў медыя? Праз што сварыліся дэмсілы на Канферэнцыі
Канферэнцыя "Новая Беларусь" / Еўрарадыё

Яна абвінаваціла Офіс у поўнай адсутнасці транспарэнтнасці і ў непразрыстасці расходаў. Яна таксама паскардзілася на хэйт з боку дэмакратычных медыя, з якім, па яе словах, сутыкаецца кожны раз, як толькі ў яе ўзнікаюць пытанні да Офіса.

Цапкала прапанавала стварыць грамадскую раду, якая б кантралявала дзейнасць незалежных медыя і сачыла за тым, каб у іх аднолькава інтэнсіўна асвятлялася дзейнасць усіх палітыкаў.

Яшчэ адна прапанова — аўдыт Офіса Святланы Ціханоўскай. Тут Вячорка пацвердзіў, што Офіс гатовы прайсці аўдыт.

А Святлана Ціханоўскай прапанавала абмеркаваць з Веранікай Цапкала ўсе праблемныя моманты асабіста — і пагадзілася адказаць не толькі на яе пытанні, але і магчымыя крыўды.
 

А чаму ўвогуле Цапкала не ўзялі ў Офіс?

Сябра аргкамітэта па стварэнні партыі “Разам” Іван Краўцоў назваў Цапкала адной з яркіх лідарак электаральнай кампаніі і дадаў, што яе няўключанасць у працэсы цяпер — гэта сапраўды праблема, якую варта рашаць.

Вячорка растлумачыў, чаму Цапкала не стала працаваць у Офісе Святланы Ціханоўскай. Ён успомніў, як пазнаёміўся з Веранікай і Святланай. Тое было ў Вільні. Тады, успамінае Франак, тэмы дыскусій былі іншымі: як узмацніць пратэсты, як вярнуцца ў Беларусь.

— Мы не размаўлялі пра пасады так шмат, як гаворым цяпер. Мы размаўлялі пра змест працы.

Пасля частка людзей засталіся ў Вільні, частка вярнулася ў Варшаву. І так сфармавалася тая экасістэма, якая ёсць цяпер. Гэта не значыць, што яна павінна быць вечнай. Зараз мы гэтую сістэму пераасэнсоўваем, нешта эфектыўна, нешта — неэфектыўна.

Самы час стварыць кабінет, сабраць усіх разам. Самы час, каб Каардынацыйная рада пераасэнсавала сваю ролю і стала сапраўдным протапарламентам.

Франак падсумоўвае: у такім выпадку ў дэмсіл будзе лідар у асобе Святланы Ціханоўскай, будзе група выканаўцаў у асобах сяброў пераходнага ўрада і будзе орган, які зможа зацвярджаць рашэнні, — протапарламент.

— Калі з такой канфігурацыяй мы выйдзем з Канферэнцыі, гэта будзе рэальны вынік. І мы нарэшце пяройдзем да зместу. Таму што мне не падабаюцца размовы пра пасады, мне хацелася б гаварыць пра кантэнт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі