Дырэктар “БЕЛСАТплюс”: Па службовай неабходнасці “Белсат” магу паглядзець

Еўрарадыё: Якую мэту вы маеце, падаючы іск супраць тэлеканала “Белсат”? Чаго хочаце ў выніку дабіцца?

Андрэй Белякоў: У іскавой заяве ўсё выкладзена. Артыкул Грамадзянскага кодэкса №11 абараняе правы. І там 12 ці 15 варыянтаў рашэння праблемы — мяне, у прынцыпе, задаволіць некалькі варыянтаў рашэння з гэтага артыкула.

Еўрарадыё: А якое рашэнне будзе ідэальным менавіта для вас? Можа, нейкая кампенсацыя?

Андрэй Белякоў: Кампенсацыю ніхто не прапаноўваў і ўзгаданы артыкул кампенсацыю не прадугледжвае. Хутчэй, гэта тычыцца міравога пагаднення дасудовага. Хаця там ёсць, у 11-м артыкуле, кампенсацыя нанесеных страт і кампенсацыя страт маральных. Так што, калі казаць пра нейкую кампенсацыю, то тут магчыма толькі кампенсацыя нейкай маральнай страты. У любым выпадку, я не магу адказаць на пытанне, якога выніку хацеў бы я — гэта вырашае суд.

Еўрарадыё: Калі казаць пра нанесеныя страты фірме — яны ў вас сапраўды былі з-за таго, што назва вашай фірмы вельмі падобная да назвы незалежнага тэлеканала “Белсат”?

Андрэй Белякоў: Безумоўна! “Белсат” працуе не першы год, і ўвесь гэты час нас асацыявалі, блыталі з гэтым тэлеканалам. І дзяржаўныя органы таксама — прыходзілі падатковыя органы з праверкамі, Дэпартамент фінансавых расследаванняў некалькі гадоў таму нас правяраў. Зразумела, гэта неяк уплывала на нашу дзейнасць і наносіла нам страты.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што да суда вас давяла менавіта гэта сітуацыя?

Андрэй Белякоў: Справа ў тым, што ужо быў супраць нас іск, я быў адказчыкам і было судовае рашэнне ў чэрвені 2012 года. Telewizja Polska накіравала супраць мяне іск — яны хацелі забраць у нас таварны знак “Белсат”. І цяпер — гэта працяг той гісторыі.

                       Андрэй Белякоў у Вярхоўным судзе

Еўрарадыё: На якой падставе палякі хацелі адсудзіць у вас таварны знак, калі фірму з такой назвай вы зарэгістравалі раней, чым “Белсат” пачаў выходзіць у эфір?

Андрэй Белякоў: Падставы… Ну, яны спрабавалі свае аргументы ў судзе прадставіць, але яны апынуліся недастатковымі. Ёсць рашэнне суда, дзе ўся гэтая недастатковасць распісаная. Плюс, улічваўся і прыярытэт наш на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь — мы такую назву маем з 2001 года. (Канал “Белсат” утвораны на падставе дамовы МЗС Польшчы і TVP (Польскае грамадскае тэлебачанне) 23 красавіка 2007. Непасрэдна над яго стварэннем ужо з чэрвеня 2006 працавала група журналістаў з Польшчы і Беларусі пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, прызначанай на пасаду дырэктара. Польскае тэлебачанне атрымала ў 2007 фінансавым годзе з дзяржаўнага бюджэту 16 000 000 злотых (каля 4 000 000 еўра) на падрыхтоўку канала да эфіру і пачатак вяшчання. Канал пачаў выходзіць у эфір 10 снежня 2007. — заўв. Еўрарадыё).

А што тычыцца той перадачы тэлеканала “Белсат” ад 7 лістапада, якая тыражуецца шмат на якіх сайтах, вельмі шмат інфармацыі недакладнай — 80-90%. Пачынаю з таго, што ПГУП “БЕЛСАТплюс” падала іск супраць тэлеканала “Белсат” — гэта няпраўда! Белякоў падаў іск супраць Telewizja Polska. Гэта зусім іншая юрыдычная працэдура. Былі нейкія інсінуацыі наконт “Хайтэх-маркет”, што Лысянкоў быў уладальнікам, а потым Белякоў нешта там перааформіў на ПГУП “БЕЛСАТплюс” — не, не было такога! У “Хайтэх-маркет” ад пачатку было 5 сузаснавальнікаў — я ў тым ліку. Праз год мы скарацілі колькасць заснавальнікаў да двух чалавек, дзе Лысянкоў быў дырэктарам. А калі мы гэтую кампанію перадавалі іншым людзям, двум новым заснавальнікам, то я таварны знак, які рэгістраваў на гэтую кампанію, забраў сабе. Лысянкоў мне яго саступіў па юрыдычнай згодзе. А тыя прыдумкі — я не ведаю, дзе іх узяла спадарыня Рамашэўская. Не, каб звярнуцца да дзяржаўных органаў — там усе гэтыя статуты ды рэгістрацыі распісаныя як па нотах!

Еўрарадыё: Двухсэнсоўная сітуацыя з назвай існуе з 2007 года — чаму вы раней не спрабавалі з ёй разабрацца праз суд?

Андрэй Белякоў: Ну, магчыма, мая недастатковая юрыдычная адукацыя не дазваляла мне гэта рабіць. А выдаткі на адвакатаў вялікія. А калі ўжо Telewizja Polska на мяне падала ў суд, то тут давялося разбірацца з праблемай, паглыбляцца ва ўсе юрыдычныя дэталі. Ну, а цяпер мы, як кажуць, ужо “ідзём па накатанай”… Цяпер ужо з’явіліся нейкія веды ў гэтым пытанні. А раней нават не хацелася гэтым займацца.

Еўрарадыё: Наколькі рэальна зараз яшчэ сустрэцца вам са спадарыняй Рамашэўскай “за кубкам кавы” і вырашыць усе супярэчнасці мірна?

Андрэй Белякоў: Мяркую, спадарыня Рамашэўска не плануе сустракацца са мной асабіста — навошта ёй гэта трэба? Нейкі яе прадстаўнік — мог бы… Але  такія рэчы вырашаюцца ў папяровым выглядзе, а не “за шклянкай гарбаты”. Афіцыйная прапанова нейкая дасылаецца, афіцыйны адказ. Толькі так. Бо падчас першага суда прадстаўнік Telewizja Polska адвакат Касьянава ў папярэдніх размовах, калі гэта не пратакаліравалася, казала адно, а на судзе мяняла сваю пазіцыю на крыху іншую.

Еўрарадыё: У вас не было жадання ў той час, калі да вас падаткавікі пачалі хадзіць і падазраваць вас у сувязях…

Андрэй Белякоў: Я не хачу сказаць, што яны менавіта з-за гэтага хадзілі. І яны не так часта хадзілі. Ну, проста, калі ведаюць, што ёсць такі тэлеканал, і раптам даведваюцца, што ў цэнтры Мінска знаходзіцца тэлекампанія з падобнай назвай, то, зразумела, узнікаюць асацыяцыі: “Што гэта там за кампанія і цікава было б паглядзець, чым яны там займаюцца”. Таму застаўся пэўны адбітак. Хоць я разумею і дзяржаўныя органы таксама.

Еўрарадыё: Але калі вы адчулі сувязь паміж назвай вашай фірмы і цікавасцю дзяржорганаў — не было жадання змяніць назву?

Андрэй Белякоў: А з чаго? У мяне прыярытэт — чаму я павінен мяняць назву?!

Еўрарадыё: Выказваецца меркаванне, што з вашай дапамогай і суда ўлады вырашылі напярэдадні чарговых выбараў прыціснуць “Белсат”…

Андрэй Белякоў: Першыя спробы падачы іска былі яшчэ напрыканцы мінулага году — да выбараў яшчэ процьма часу! Усе гэтыя міжнародныя працэдуры з перадачай дакументаў, пераклады — яны займаюць досыць працяглы час. Толькі сёння, 11 лістапада, пачаліся судовыя пасяджэнні. Але нават прыблізна не ведаў, калі яны могуць пачацца. А калі б гэта ўсё зацягнулася і пачаліся слуханні пасля выбараў — што тады казалі?

Еўрарадыё: Што гэта помста “Белсату” за тое, як яны асвятлялі выбары, да прыкладу…

Андрэй Белякоў: Ну, пры жаданні заўсёды можна знайсці, што сказаць, праўда?

Еўрарадыё: Такім чынам, ніякіх палітычных складнікаў у гэтага працэсу няма?

Андрэй Белякоў: Я не бачу для гэтага ніякіх падстаў — ідзе звычайная барацьба за ахову інтэлектуальнай уласнасці. Ёсць Сусветная арганізацыя па ахове інтэлектуальнай уласнасці, ёсць дамовы, пад якімі падпісаліся і Польшча, і Беларусь, датычна аховы інтэлектуальнай уласнасці і таварных знакаў. І тут мы маем звычайнае юрыдычнае змаганне: чыя ў гэтай сітуацыі праўда, хто з гэтага змагання выйдзе пераможцам, а хто — пераможаным.  Я тут не бачу ніякага палітычнага складніка.

Еўрарадыё: І ўсё ж, ці падлічвалі вы страты вашай фірмы ад супадзення яе назвы з “Белсатам”?

Андрэй Белякоў: Гэта вельмі складана зрабіць і падлічыць. Хутчэй, тут маральныя страты могуць быць. Да ўсяго, калі на дастаткова вялікую аўдыторыю тыражуецца гэты сюжэт на тэлеканале “Белсат” і пачынаецца каментаванне непрыемнае ў інтэрнэце — гэта таксама псіхалагічна цісне. І на мяне, і не кампанію, і на кліентаў гэтай кампаніі. Таму ў паняцце “маральныя страты” я ўкладаю і гэта значэнне.

Еўрарадыё: Да вас па каментарый “Белсат” звяртаўся, ваша пазіцыя ў іх у эфіры была?

Андрэй Белякоў: Не. З прадстаўніком “Белсата” і адвакатам мы мелі зносіны падчас дасудовых разбіральніцтваў і падчас першага суда.

Еўрарадыё: Як, на ваш погляд, паўплывае гэты суд, яго асвятленне ў СМІ, на імідж вашай фірмы, яе фінансавы дабрабыт?

Андрэй Белякоў: Не ведаю, не магу цяпер сказаць. Але я не шкадую, што гэтая справа пачалася — трэба ісці да канца, я не люблю адступаць.

Еўрарадыё: Вы самі палітыкай цікавіцеся?

Андрэй Белякоў: Усе цікавяцца ў той ці іншай ступені. Але ў акцыях я не ўдзельнічаю, калі вас гэта цікавіць.

Еўрарадыё: А “Белсат” глядзіце?

Андрэй Белякоў: Дома ў мяне спадарожнікавай антэны няма, але на працы ёсць, і па службовай неабходнасці магу паглядзець — для наладкі нейкага апарата. Ну, ці вось для суда запісалі некалькі перадач — каб паказаць, што таварны знак знаходзіцца на выяве. Ці вас цікавіць мае меркаванне наконт тэлеканала? Калі браць у якасці прыкладу ўзгаданую перадачу ад 7 лістапада, то я лічу, што яна зробленая непрафесійна. Не буду казаць пра іншыя перадачы, але тут інфармацыя была непраўдзівая.

Еўрарадыё: Дзяржаўныя СМІ цікавяцца вашым судовым супрацьстаяннем з “Белсатам”?

Андрэй Белякоў: Ну, вось сёння БелаПАН прысутнічаў у судзе…

Еўрарадыё: Гэта — недзяржаўнае інфармагенцтва…

Андрэй Белякоў: Так?! Ну, я не разбіраюся…

Даведка: Кампанія Андрэя Белякова “БЕЛСАТплюс” займаецца продажам спадарожнікавага абсталявання. Паводле ранейшай інфармацыі, адзінае патрабаванне Белякова — каб спадарожнік Astra прыпыніў трансмісію сігнала тэлебачання “Белсат”.

Фота: inosmi.by, Барыса Гарэцкага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі