Вы тут

Двухгадоваму хлопчыку ў Іўі адарвала палец на трэнажорнай пляцоўцы

Трэнажорная пляцоўка ў Іўі / sk.gov.by

У Іўі райаддзел Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці праводзіць праверку па факце таго, што малалетні хлопчык атрымаў траўму, інфармуе прэс-служба ведамства.

Здарэнне адбылося ўвечары 15 ліпеня. У мясцовую лякарню быў дастаўлены двухгадовы хлопчык, якому адарвала палец на правай руцэ. Для спецыялізаванай дапамогі дзіця аператыўна перавялі ў лякарню Гродна.

Паводле інфармацыі следчых, інцыдэнт адбыўся каля 19-й гадзіны. На спецыялізаванай трэнажорнай пляцоўцы ў двары жылога сектара малое дзіця сунула руку ў трэнажор, на якім займаўся дзевяцігадовы хлопчык. Мама пацярпелага знаходзілася побач.

Следчыя правялі агляд месца здарэння і высветлілі, што трэнажорная пляцоўка абсталяваная належным чынам, цэласнасць канструкцый не парушаная. Прычынай траўмы стала асабістая неасцярожнасць дзіцяці і недастатковы кантроль за ім з боку маці. Хлопчык выхоўваецца ў паспяховай сям'і, якая характарызуецца станоўча.

Праверка працягваецца.