Два фігуранты "карагоднай" справы паспрабавалі збегчы за мяжу, але іх затрымалі

Момант затрымання / скрыншот відэа, ont.by​
Момант затрымання / скрыншот відэа, ont.by​

Пры спробе перайсці мяжу ва Украіну былі затрыманыя двое жыхароў Брэста, асуджаных у чэрвені па так званай "карагоднай" справе, паведамляе АНТ.

Гаворка ідзе аб пратэстнай акцыі, якая адбылася ў Брэсце 13 верасня. Удзельнікі акцыі ў той дзень выйшлі на скрыжаванне ў цэнтры горада і блакавалі рух транспарту, вадзілі карагод. Сілавікі выкарыстоўвалі супраць іх вадамёты. Пазней за ўдзел у гэтай акцыі былі асуджаныя дзясяткі чалавек. Іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Затрыманых на мяжы мужчын у чэрвені прысудзілі да аднаго з паловай і двух гадоў "хіміі".

"Судом дадзеныя асобы былі папярэджаныя аб яўцы ў органы ўнутраных спраў, для атрымання прадпісання да месца адбыцця пакарання, аднак у тэрмін на месца яны не з'явіліся", — расказаў намеснік начальніка аддзела наглядна-выканаўчай дзейнасці УУС Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Шупенік.

Мужчын затрымалі на мяжы. Яны былі апранутыя ў камуфляжную форму і пры сабе мелі лесвіцу, "каб пералезці праз сігналізацыйны комплекс".

На мяжы парушальнікаў заўважылі памежнікі, спроба ўцячы аказалася беспаспяховай. Першапачаткова іх затрымалі за парушэнне памежнага рэжыму. Але потым высветлілася, што ў іх яшчэ ёсць судзімасць.   

У эфіры беларускага ТБ таксама паведамілі, што адзін са злоўленых мужчын — 25-гадовы Ілля Палхоўскі — планаваў застацца ва Украіне і працягнуць кар'еру ў IT, другі — 35-гадовы Андрэй Аніскевіч — хацеў перабрацца ў Польшчу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі