Вы тут

Дэпартаванага з Беларусі расійскага апазіцыянера суд пакінуў у СІЗА

Мікіта Чырцоў / novayagazeta.ru

Дэпартаванага з Беларусі расійскага апазіцыянера Мікіту Чырцова Маскоўскі гарадскі суд пакінуў у СІЗА да 27 студзеня 2020-га. 7 лістапада там разглядалася апеляцыйная скарга абароны. Суд прасілі перавесці яго пад хатні арышт ці падпіску пра нявыезд, следчы і пракурор былі супраць, паколькі малады чалавек "можа схавацца і аказаць ціск на пацярпелага", інфармуе "Новая газета".

22-гадовага Чырцова абвінавачваюць ва ўжыванні гвалту да паліцэйскага падчас вулічнай акцыі 27 ліпеня ў Маскве. Як паведамляла Еўрарадыё, 28 жніўня сёлета яго затрымалі ў Мінску, паколькі ён знаходзіўся ў вышуку. Расіяніна перадалі міграцыйнай службе і 30-га жніўня на самалёце кампаніі "Белавія" вярнулі на радзіму. Беларускія ўлады забаранілі яму на 10 гадоў уезд у нашу краіну.

Цікава, што па вяртанні ў Маскву Мікіту Чырцова ніхто не затрымліваў. Толькі ў пачатку верасня Басманны суд арыштаваў апазіцыянера на два месяцы па абвінавачванні ва ўжыванні гвалту да прадстаўніка ўлады. Акцыя ў ліпені ў расійскай сталіцы ў падтрымку незарэгістраваных незалежных кандыдатаў у дэпутаты Маскоўскай гарадской думы не была ўзгодненая з мясцовымі ўладамі. Паводле версіі следства, на Цвярской вуліцы малады чалавек "штурхнуў паліцэйскага двума рукамі ў вобласць грудной клеткі, тым самым прычыніўшы яму фізічны боль".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.