Цяжкая ноч у Днепрапятроўскай вобласці, 13 загінулых — 168-я раніца вайны

У выніку начнога абстрэлу горада Марганец 10 чалавек загінулі, 11 пацярпелі​ / @dnipropetrovskaODA
У выніку начнога абстрэлу горада Марганец 10 чалавек загінулі, 11 пацярпелі​ / @dnipropetrovskaODA

Цяжкая ноч у Днепрапятроўскай вобласці — у выніку абстрэлаў загінулі 13 чалавек, 11 атрымалі раненні. Большасць з іх — жыхары горада Марганец.

"Вораг двойчы абстраляў Нікакпальскі раен з "Градаў". Накіраваў па жылых кварталах 80 рэактыўных снарадаў. Свядома і каварна ўдарыў, калі людзі спалі ў сваіх дамах. Пад агонь трапілі Марганец і Міроўская грамада",піша кіраўнік Днепрапятроўскай вайсковай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка.

Генштаб УСУ раніцай у сераду паведамляе, што захоўваецца пагроза ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі і паветранай прасторы Беларусі. Расійскія войскі вядуць абстрэл украінскіх пазіцый ўздоўж усёй лініі фронту. Спрабавалі штурмаваць ў раёне Саледара, але беспаспяхова, адышлі.

Акрамя таго, " праціўнік спрабуе аднавіць наступ на кірунку Данецк-Пескі, баявыя дзеянні працягваюцца. Вораг вёў наступленне ў напрамках Мінеральнае — Аўдзееўка і Спартак — Аўдзееўка. Поспеху не меў, панёс страты і адышоў", гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

Няяснай застаецца сітуацыя з учарашнімі выбухамі ў Крыме ў раёне ваеннага аэрадрома каля Новафёдараўкі. Украіна не ўзяла на сябе адказнасць за іх, а Міністэрства абароны Расіі заявіла, што прычынай выбухаў стала дэтанацыя некалькіх авіяцыйных боепрыпасаў у складскіх памяшканнях авіябазы. Пры гэтым у выніку інцыдэнту былі параненыя пяць грамадзянскіх асоб. Аднак на кадрах з сацыяльных сетак "відаць, як пажарныя тушаць падпалены самалёт, што супярэчыць першапачатковай заяве Міністэрства абароны Расіі", адзначаюць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.

"У Крамля мала стымулаў вінаваціць Украіну ў нанясенні ўдараў, бо такія ўдары прадэманстравалі б неэфектыўнасць расійскіх сістэм супрацьпаветранай абароны, што ўжо паказала патапленне Украінай "Масквы", — мяркуюць аналітыкі Інстытута. На іх думку, адначасовасць выбухаў на двух розных аб'ектах ставіць пад сумнеў расійскую версію, але не выключае ні дыверсіі, ні ракетнага ўдару далёкага дзеяння.

Тяжелая ночь в Днепропетровской области, 13 погибших — 168-е утро войны
Наступствы выбуху на ваенным аэрадроме ў Крыме / скрыншот відэа

Расійская вайна супраць Украіны і ўсёй свабоднай Еўропы пачалася з Крыма і павінна скончыцца Крымам — яго вызваленнем, сказаў у сваім традыцыйным звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго слоў, пакуль складана сказаць, калі гэта адбудзецца, але Кіеў пастаянна дадае "неабходныя кампаненты ў формулу вызвалення Крыма". Гэтыя словы Зяленскі вымавіў праз некалькі гадзін пасля выбухаў на расійскай авіябазе.

Расіяне пачалі навучацца працы з іранскімі дронамі. Яны плануюць выкарыстоўваць іх у вайне з Украінай. Пра гэта піша CNN са спасылкай на неназванага амерыканскага чыноўніка. Паводле яго слоў, "у апошнія некалькі тыдняў расіяне правялі трэнінгі ў Іране ў рамках пагаднення па перадачы БПЛА Расіі".

Гэтую інфармацыю пацвярджаюць і спадарожнікавыя здымкі. Паводле звестак медыя, гэтым летам расійская дэлегацыя як мінімум двойчы наведвала аэрадром Кашан у цэнтральнай частцы Ірана, каб апрабаваць ударныя беспілотнікі ў дзеянні.

Іран вырабляе беспілотнікі прыкладна з 2012 года — у якасці ўзору ён выкарыстоўвае мадэлі перахопленых амерыканскіх апаратаў RQ-170 Sentinel. CNN нагадвае, што Кіеў раней неаднаразова прасіў ЗША даць яму больш магутныя ўдарныя беспілотнікі, але ў Вашынгтоне пакуль адказвалі адмовай — там асцерагаюцца, што Расія ўспрыме такі крок як празмерную эскалацыю.

Затое Дзярждэпартамент ЗША абвясціў аб выдзяленні Украіне 89 мільёнаў даляраў для абясшкоджвання мін, устаноўленых расійскімі вайскоўцамі. Сродкі пойдуць на падтрымку 100 сапёрных каманд, а таксама падрыхтоўку і забеспячэнне ўкраінскіх падраздзяленняў, якія будуць займацца размініраваннем мясцовасці. Паводле ацэнак украінскіх уладаў, расійская армія замініравала каля 16 мільёнаў гектараў тэрыторыі Украіны — "гэта прыкладна памер Вірджыніі, Мэрыленда і Канэктыкута разам узятых", кажа кіраўнік офіса ўкраінскага прэзідэнта Андрэй Ярмак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі