Вы тут

Цудаў не бывае! Хлопец, які больш за ўсіх хацеў лічыць галасы, не прайшоў

Аляксандр Паравой / "Фэйсбук"

Мінчук Аляксандр Паравой адным з першых звярнуў увагу на права звычайных грамадзян уваходзіць у склад участковых камісій на прэзідэнцкіх выбарах-2020. Прадпрымальнік, які страціў працу ў разгар пандэміі, падаў у выканкам Фрунзенскага раёна Мінска дакументы з шасцю станоўчымі характарыстыкамі. Але яго да падліку бюлетэняў усё роўна не дапусцілі.

"Ну што, сябры, цудаў не бывае! На сваім прыкладзе я змог пераканацца, што проста так, "з вуліцы", пры вылучэнні ад выбаршчыкаў-грамадзян у склад участковай выбарчай камісіі не трапіць. Не дапамаглі нават 6 характарыстык, пакінутых мне маімі кліентамі. На маім участку №4 быў конкурс! Таму па кожным кандыдаце галасавалі. Грамадзянамі былі вылучаныя 5 чалавек, у іх ліку я і мой брат",дзеліцца ўражаннямі Аляксандр. 

Па словах Паравога, з пяці чалавек "ад народа" ў чацвярых не знайшлі "досведу ўдзелу ва ўчастковых выбарчых камісіях". Адну грамадзянку, Таццяну Канаплёву, усё ж зарэгістравалі. Выходзіць, шанц лічыць бюлетэні ў звычайных грамадзян усё ж ёсць? Ага, як жа.

"Не варта спяшацца з высновамі. Проста заходзім на сайт гімназіі №37, на тэрыторыі якой знаходзіцца ўчастак №4. Пракручваем уніз і чытаем прозвішча, імя і імя па бацьку адміністратара сайта гімназіі: Канаплёва Таццяна Аляксандраўна. Поўная цёзка вылучанай выбаршчыкамі і прынятай у камісію. Супадзенне? Не думаю", — працягвае Паравой.

Склад УВК №4 Фрунзенскага раёна / Аляксандр Паравой, facebook.com

Больш за тое: па назіраннях хлопца, у выбарчую камісію на яго ўчастку трапілі толькі супрацоўнікі гімназіі №37, у якой, уласна, участак і знаходзіцца. Гэта дырэктар гімназіі, двое яго намеснікаў, дзевяць настаўнікаў і адміністратар сайта. Вось яны і будуць лічыць галасы выбаршчыкаў. А ўсе пяцёра вылучэнцаў ад ініцыятывы "Сумленныя людзі" ва УВК не ўвайшлі.

Пасяджэнні па ўтварэнні ўчастковых выбарчых камісій праходзяць 23 і 24 чэрвеня па ўсёй Беларусі. Да другой паловы дня стане вядома, колькі "Сумленных людзей" прайшло ва УВК. Тыя, каго да падліку галасоў не дапусцяць, у трохдзённы тэрмін могуць абскардзіць адмову ў судзе. Або пайсці ў назіральнікі. Так плануе зрабіць і Аляксандр Паравой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.