Ціханоўская, Зяленскі і Аўсяннікава атрымаюць нямецкую "Прэмію СМІ за свабоду"

Святлана Ціханоўская, Уладзімір Зяленскі і Марына Аўсяннікава атрымаюць нямецкую "Прэмію СМІ за свабоду". Сёлета яна прысвечана барацьбе за свабоду ва Усходняй Еўропе, піша dw.com.

"Украінцы, беларусы і расіяне стаяць на перадавой барацьбы супраць зла, супраць вайны і тыраніі ва Усходняй Еўропе і мужна абараняюць сваю, а таксама нашу свабоду, — піша журы. — Словамі, справамі, вялікай адвагай і сваімі жыццямі".

"Прэмія СМІ за свабоду" заснавана нямецкай Weimer Media Group і прысуджаецца ўжо восьмы раз. Цырымонія ўзнагароджання прызначана на 22 красавіка.

Прэмія "аддаецца грамадскім дзеячам, якія, на думку журы, асабліва адданыя свабодзе выказвання меркаванняў, сацыяльнаму ўзаемадзеянню, палітычнаму дыялогу і дэмакратыі". Раней яе атрымлівалі экс-прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, экс-канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц. Калі да кандыдатураў Ціханоўскай і Зяленскага ніякіх пытанняў няма, то з Аўсяннікавай не ўсё так адназначна. Шмат гадоў яна працавала на расійскую прапаганду. Але 14 сакавіка ўварвалася ў жывы эфір праграмы "Время" на расійскім Першым канале з антываенным плакатам. Цяпер Марына Аўсяннікава працуе на нямецкую газету Die Welt.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.