Чыноўніца расійскага Мінабароны Яўгенія Васільева выйшла з турмы

У аўторак, 25 жніўня, на волю датэрмінова выпусцілі былую кіраўніцу дэпартамента маёмасных адносінаў Мінабароны Расіі Яўгенію Васільеву. Чыноўніца была асуджаная на пяць гадоў за раскраданні падчас продажу маёмасці ведамства. Суд задаволіў прашэнне Васільевай аб датэрміновым вызваленні і вырашыў выпусціць яе на волю сёння ж. Улічылі поўную кампенсацыю асуджанай матэрыяльнай шкоды і вырашылі, што чыноўніцы больш не трэба знаходзіцца за кратамі для выпраўлення.

Адразу пасля завяршэння суда ў калонію, дзе знаходзілася Васільева, выехалі яе адвакаты. Неўзабаве яна пакінула турму на чорнай Toyota Camry з затаніраваным шклом. Размаўляць з прэсай яна не стала.

Сёлета 8 траўня Яўгенію Васільеву асудзілі на 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Як адзначалася ў прысудзе, у 2010 годзе Васільева распрацавала злачынны план па раскраданні бюджэтных сродкаў.  Суд таксама прызнаў яе вінаватай у адмыванні грошай, раскрадзеных падчас продажу маёмасці абароннага ведамства.

Васільева была затрыманая ў канцы 2012 года і да суда знаходзілася пад хатнім арыштам. Гэтая мера стрымання давала ёй магчымасць бачыцца з роднымі і блізкімі і карыстацца інтэрнэтам. Уласна ў калоніі пасля суда яна адбыла толькі месяц. Таксама да этапавання ў калонію яна была за кратамі ў СІЗА, паведамляюць расійскія СМІ.

Фота: peoples.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі