Чарговы абстрэл Запарожжа, у горадзе разбіраюць завалы — 226-я раніца вайны

Ратавальнікі разбіраюць завалы ў Запарожжы пасля траплення ракеты ў жылы дом / @dsns_telegram
Ратавальнікі разбіраюць завалы ў Запарожжы пасля траплення ракеты ў жылы дом / @dsns_telegram

Гэтай ноччу расіяне зноў атакавалі Запарожжа, але ў гэты раз пры дапамозе дронаў-камікадзэ. Беспілотнікі тут расіяне выкарыстоўвалі ўпершыню, адзначыў кіраўнік Запарожскай абласной адміністрацыі Аляксандр Старух. Разбураныя два аб'екты інфраструктуры. "Паводле папярэдняй інфармацыі, ёсць адзін пацярпелы, ён шпіталізаваны", — адзначыў Старух.

Тым часам вырасла колькасць ахвяраў учорашняй атакі на Запарожжа. Нагадаем, ракеты трапілі ў жылыя дамы. Ратавальнікі дагэтуль разбіраюць завалы. Ужо вядома пра 11 загінулых, 25 чалавек удалося выратаваць.

Гэтай ноччу абстрэльвалі і Нікапальскі раен Днепрапятроўскай вобласці. "Расійскія акупацыйныя войскі шэсць разоў ударылі па раёне з РСЗА і цяжкай артылерыі", піша кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. У Нікапаль прыляцелі амаль 40 снарадаў. Пашкоджаныя некалькі шматпавярховак, больш за дзесяць прыватных дамоў, прадпрыемства транспартнай інфраструктуры, газаправоды і электрасеткі. Людзі, папярэдне, не пацярпелі.

Расійскія СМІ са свайго боку паведамляюць аб трапленні ўкраінскай ракеты сістэмы HIMARS у грамадзянскі аўтобус у Херсонскай вобласці. Па папярэдніх дадзеных, загінулі пяць чалавек.

Очередной обстрел Запорожья, в городе разбирают завалы — 226-е утро войны
Падчас учорашняга абстрэлу Запарожжа былі разбураныя два жылых дома / @dsns_telegram

Выкарыстанне іранскіх беспілотнікаў не прыносіць расіянам такога ж эфекту, як украінцам — сістэмы HIMARS, мяркуюць у Амерыканскім інстытуце вывучэння вайны. Таму гэтыя дроны наўрад ці істотна паўплывае на ход вайны, лічаць эксперты.

Па ацэнцы Інстытута, у мінулыя суткі УСУ працягнулі контрнаступальныя аперацыі на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці ў раёне Купянска, а таксама праводзілі "аперацыі па стварэнні пагрозы расійскім пазіцыям ўздоўж дарогі Крэменная-Сватава у заходняй частцы Луганскай вобласці". Расіяне са свайго боку былі занятыя абсталяваннем абарончых пазіцый у Херсонскай вобласці. Акрамя таго, учора яны працягвалі наземныя атакі ў Данецкай вобласці "і, верагодна, дамагліся дадатковых поспехаў у раёне Бахмута", гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута.

Аб наступальных дзеяннях расіян на Бахмуцкім і Аўдзеўскім напрамках гаворыцца і ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Гэта Данецкая вобласць. А наогул "за мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі расійскіх акупантаў у раёнах населеных пунктаў Выемка, Краснае, Бахмут, Маёрск, Вясёлае, Пабеда, Невельскае, Каменка і Цярновыя Поды".

Очередной обстрел Запорожья, в городе разбирают завалы — 226-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці 6 кастрычніка 2022 года / understandingwar.org

Сітуацыю на паўднёвым фронце ў аператыўным камандаванні "Поўдзень" ацэньваюць як стабільна складаную, але кантраляваную. "Акупанты вядуць абарончыя дзеянні, каб утрымаць захопленыя тэрыторыі ў Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях, а таксама спрабуюць спыніць развіццё наступу ўкраінскіх падраздзяленняў", — гаворыцца ў паведамленні камандавання.

Тым не менш з 1 кастрычніка Узброеныя сілы Украіны вызвалілі ад рускай акупацыі больш за 500 квадратных кіламетраў і дзясяткі населеных пунктаў Херсонскай вобласці. Пра гэта казаў у вячэрнім звароце прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

"Абавязкова наступіць дзень, калі мы зробім справаздачу аб поспехах і ў Запарожскай вобласці — у тых раёнах, якія пакуль кантралююць акупанты. Наступіць дзень, калі мы скажам і аб вызваленні Крыма", — сказаў ён.

Зяленскі таксама пракаментаваў спробы Расіі прысвоіць акупаваную Запарожскую АЭС. Гэтыя пастановы расійскіх уладаў ён назваў нікчэмнымі  "і, шчыра кажучы, дурнымі — гэта ж атамная станцыя. Гэта ж вам не які-небудзь палац, ці "ЮКАС", ці нешта іншае, што ўжо ўдавалася скрасці расійскаму кіраўніцтву". Учора Зяленскі сустракаўся з кіраўніком МАГАТЭ Рафаэлем Гросі. Гросі запэўніў украінскага прэзідэнта, што міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі будзе кантактаваць па ЗАЭС толькі з украінскім кіраўніцтвам.

Пра тое, што МАГАТЭ лічыць Запарожскую АЭС украінскай, Гросі казаў і журналістам. Аб гэтым піша Reuters. Кіраўнік МАГАТЭ таксама распавёў, што агенцтва мае намер павялічыць колькасць свайго персаналу на Запарожскай АЭС удвая — да 4 чалавек. Гросі таксама нагадаў, што плануе наведаць Маскву для перамоваў па стварэнні зоны ядзернай бяспекі на Запарожскай атамнай электрастанцыі.

Фінляндыя гатова прадаставіць Украіне дзевяты пакет ваеннай дапамогі. Пра гэта заявіла міністр абароны краіны Анці Кайканен. "Абарончая барацьба Украіны працягваецца. На жаль, падобна, што вайна можа доўжыцца доўга. Наша падтрымка Украіны працягваецца", адзначыла яна. Мінабароны Фінляндыі не выдае змест дапамогі, а таксама спосаб або графік дастаўкі з меркаванняў бяспекі. Гаворыцца толькі, што ў пакеце ўлічаныя як патрэбы Украіны, так і рэсурснае становішча Узброеных Сіл Фінляндыі. Дапамога будзе аказана на 11,8 млн еўра.

А ў вызваленым Ізюме ў Харкаўскай вобласці адкрылі шпіталь Samaritan's Purse, дзе людзей бясплатна будуць прымаць замежныя спецыялісты. Пра гэта паведаміў намеснік гарадскога галавы Ізюма Уладзімір Мацокін. Бясплатна будуць выдаваць і лекі. Мацокін папрасіў жыхароў паспяшацца, паколькі шпіталь у горадзе будзе працаваць часова. Purse Samaritan хрысціянская гуманітарная арганізацыя з ЗША, якая дапамагае людзям, што пацярпелі ад вайны, беднасці, стыхійных бедстваў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі