Чаргінец: Мінкультуры само магло б ініцыяваць “заслужанага” для Алексіевіч

Еўрарадыё высвятляе, што трэба зрабіць, каб нобелеўская лаурэатка стала ў Беларусі заслужанай дзяячкай культуры.

 

Міністр культуры: Праз інтэрнэт не атрымаецца

Для ўсяго свету Святлана Алексіевіч — Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры, а за яе кнігамі — чэргі ў культурных сталіцах. Для афіцыйнага Мінска Алексіевіч — усяго толькі дзяячка культуры. Нават не заслужаная, а шараговая. Як удзельніца ансамбля песні і танцаў з Плешчаніц, ці майстар па пляценні з саломкі з Лунінца.

Еўрарадыё пытаецца ў міністра культуры Барыса Святлова, што трэба зрабіць, каб Святлана Алексіевіч стала хаця б заслужанай дзяячкай.

“Як петыцыя ў інтэрнэце, гэта не робіцца. Можна праз грамадскую арганізацыю зрабіць. Можна праз нейкую ўстанову. Петыцыя — гэта петыцыя. А трэба ж, каб нейкі дакумент быў. У адпаведнасці з заканадаўствам, трэба, каб такая прапанова была ўнесеная грамадскай арганізацыяй, нейкім працоўным калектывам, установай. Тады —калі ласка, тады ўсё можа быць”, — расказвае Святлоў. І прапануе пачаць працэс кожнаму ахвотнаму. Маўляў, справа нядрэнная.

Міністр культуры і дэпутаты расказалі, ці будуць глядзець цырымонію узнагароджвання Алексіевіч

На сваё перадапошняе ў гэтым годзе пасяджэнне сабраліся дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 10 снежня. Так супала, што ўвечары гэтага ж дня у Стакгольме будуць урачыста ўзнагароджваць першага беларускага лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святлану Алексіевіч.

Мікалай Чаргінец: Складанае пытанне

Старшыня афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец да прапановы, вылучыць Алексіевіч на званне заслужанай дзяячкі культуры, прыслухоўваецца ўважліва. Але потым кажа, што куды прасцей гэта зрабіць не членам яго арганізацыі, а… самаму міністру Святлову.

“Вы задаяце складанае пытанне. Напэўна, усё магчыма. Але міністр культуры — гэта орган кіравання, пагадзіцеся. Твар у галіне культуры. І ён мае права любога прадстаўляць на такое званне. Для таго, каб нам прадстаўляць, нам трэба дзясяткі інстанцый прайсці. Гэта каб толькі да міністра дайсці… І я вам скажу, што такое пытанне у нас пакуль не абмяркоўвалася. Калі паўстане, то абмяркуем. Але гэта до-о-оўга, браток. Вельмі доўга. Часам і дзевяць месяцаў, і больш”, — перакананы Чаргінец.

Ён таксама дадае, што Алексіевіч “усё ж блізкая, відаць, да журналістыкі”. І ўвогуле, “належыць да таго, іншага, саюза пісьменнікаў”. Але ў цэлым, праўладныя пісьменнікі поспеху Святланы рады і лічаць гэта пазітыўнай для краіны падзеяй.

І я вам скажу, што такое пытанне у нас пакуль не абмяркоўвалася. Калі паўстане, то абмяркуем. Але гэта до-о-оўга, браток. Вельмі доўга.

Мікалай Чаргінец

Алфёрава Беларусь узнагародзіла ордэнам Скарыны

Алексіевіч цяпер называюць першай беларускай нобелеўскай лаўрэаткай, хаця, гэта не зусім дакладна. Правільней было б гаварыць пра яе, як пра першую грамадзянку нашай краіны, якая атрымала Нобелеўскую прэмію. Таму што ў 2000 годзе яе лаўрэатам стаў ураджэнец Віцебска Жарэс Алфёраў. Яго бацькі таксама былі з Беларусі, хоць маці і мела прозвішча Разэнблюм.

Беларускія ўлады адрэагавалі на прысуджэнне Алфёраву Нобелеўскай прэміі даволі аператыўна. Ужо 17 траўня 2001 года, то бок праз паўгода пасля віншаванняў у Стакгольме, Алфёраў стаў кавалерам Ордэна Францыска Скарыны з афіцыйнай фармулёўкай “за вялікі асабісты ўклад у развіццё фізічнай навукі, арганізацыю беларуска-расійскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, умацаванне дружбы народаў Беларусі і Расіі”. Відаць, прыдумаць падобную фармулёўку для Святланы Алексіевіч, будзе цяжэй.