Вы тут

Чалавек-факел і адчыненая духоўка: у Беларусі 10 мемаў прызналі экстрэмізмам

Чалавек-факел з апошняй экранізацыі комікса выдавецтва Marvel "Фантастычная чацвёрка"

У беларускім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў папаўненне. Рашэннем суда Кастрычніцкага раёна Віцебска базу папоўнілі дзясяткам паблікаў з сацсеткі "УКантакце".

У іх ліку суполкі з гаваркімі назвамі: "Отходы общества", "Белый фронт", "Героическая молодежь", "Кровь Севера". Але ёсць і дзіўнае: у спіс трапілі паблікі з мемамі "контур гуся" і "Мизантроп", а таксама суполка "World of History", якая спецыялізуецца на гістарычных фота.

"Я лічу гэтае рашэнне абуральным і абсурдным. Група "контур гуся" мае гумарыстычную накіраванасць, экстрэмісцкіх матэрыялаў у ёй ніколі не выкладалася", — адказвае нам адзін з "адмінаў-экстрэмістаў" Мікалай Гусеў. Пра рашэнне суда ён не ў курсе, праваахоўныя органы з ім не звязваліся.

Як паблікі з мемамі сталі экстрэмісцкімі? Еўрарадыё паспрабавала распытаць пра гэта іх адмінаў, аднак многія праігнаравалі нашы пытанні. І калі ў выпадку з "World of History" можна выказаць здагадку, што справа ў нецярпімасці нашай дзяржавы да відарысаў свастыкі, то паблікі з мемамі, падобна, апынуліся "па-за законам" менавіта за некаторыя расісцкія і шавінісцкія карыкатуры. На сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі яны не публікуюцца, але дзякуючы падрабязнаму апісанню гэтыя мемы можна... прачытаць.

І вось іх тэкставая версія:

1. Намаляваны чатыры карцінкі па матывах коміксаў выдавецтва "Marvel Comics" пра Чалавека-факела (супергероя). На першым малюнку намаляваны чалавек еўрапеоіднай расы і надпіс "Хто ты?". На другім малюнку намаляваны чалавек негроіднай расы і надпіс "Я — Чалавек-факел!". На трэцім малюнку намаляваны падпалены чалавек негроіднай расы. На чацвёртым малюнку намаляваны людзі ў балахонах Ку-клукс-клан.

2. На фоне рэкламнага банера фільма "Паўстанне планеты малпаў" сфатаграфаваны двое мужчын каўказскай знешнасці з суправаджальным тэкстам "Малпы. Ну як жывыя!".

3. Намаляваны дзяўчына, а побач з ёй малпа. Унізе змешчаны надпіс: "Пасварыліся з Ахмедам".

4. Намаляваны два шэрагі схематычных чалавечкаў. Таксама знаходзяцца запісы: "Можаце знайсці негра на гэтым малюнку?", "Не. Бо ён такі ж чалавек, як ты і я", "Жартую, жартую! Ён у турме".

5. Намаляваны жанчыны цыганскай народнасці, якія бадзяюцца з дзецьмі, варожаць, просяць міласціну. Унізе размешчаны банер з кінафільма "Фантастычныя істоты і дзе іх адшукаць".

6. Намалявана адчыненая духоўка печы, побач з якой, як прынада, ляжаць долары. Зроблены тлумачальныя надпісы: "Ловім яўрэя" і "Спадабалася Адольфу Гітлеру".

7. Намаляваны акт гвалтавання імігрантамі еўрапейскай дзяўчыны. За дзяўчыну хоча заступіцца еўрапейскі мужчына, але таго спыняе паліцэйскі са словамі "Расіст!". Зроблены тлумачальныя надпісы "Еўропа цяпер" і "Талерантнасць".

8. На фоне відарыса Масквы зроблены надпіс "Сапраўдныя масквічы могуць адрозніць да 1000 адценняў хачоў".

9. Намалявана карыкатура наступнага зместу — узброеная група яўрэяў праводзіць абстрэл будынкаў, а побач стаіць усмешлівы паліцэйскі, вочы якому ззаду закрывае яўрэй. Зроблены тлумачальны надпіс: "Гульня ў жмуркі па-нью-ёркску".

10. На фоне відарыса чалавека негроіднай расы зроблены надпісы: "Работнік заапарка арыштаваны за спробу згвалтавання гарылы" і "Фота работніка ёсць?".

Еўрарадыё не падзяляе перакананняў і пачуцця гумару аўтараў гэтых мемаў. Мы проста папярэджваем, што за распаўсюд гэтых мемаў вы можаце быць прыцягнуты да адказнасці. Таксама хочам нагадаць, што не толькі рэпост кантэнту, але і падабайка пад ім можа быць расцэнена міліцыяй як распаўсюд матэрыялаў экстрэмісцкага характару ў сацыяльных сетках. Пралайканы допіс з'яўляецца ў стужцы вашых віртуальных сяброў і падпісчыкаў, што для праваахоўных органаў ёсць падставай прыцягнуць вас да адказнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.