Былы міністр абароны Казлоўскі: Пра сто загінулых салдат Макараў хлусіць

Былы міністр абароны Казлоўскі: Пра сто загінулых салдат Макараў хлусіць

Даведка Еўрарадыё: Павел Казлоўскі ― генерал-лейтэнант. Служыў у Грузіі, Арменіі і Расіі. З 1987 года ― намеснік камандуючага арміяй Беларускай ваеннай акругі. З 22 красавіка 1992 па ліпень 1994 года ― міністр абароны Рэспублікі Беларусь. На прэзідэнцкіх выбарах 2001 года спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты. У 2010 годзе ― давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

3 кастрычніка ў вайсковай часці пад Барысавам знайшлі павешаным салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Мяркуецца, што трагедыя стала вынікам дзедаўшчыны, якая здаўна пануе ў Печах. Былы міністр абароны Павел Казлоўскі адрэагаваў на смерць салдата заклікам да вайскоўцаў “біць у званы і агалошваць факты дзедаўшчыны, каб не здарыліся новыя трагедыі”. У адказ кіраўнік прэс-службы ваеннага ведамства Уладзімір Макараў заявіў, што падчас кіравання Паўла Казлоўскага ў беларускім войску гінулі па сто чалавек штогод. І што толькі “дзякуючы неймаверным намаганням афіцэрскага складу ў другой палове 1990-х гадоў удалося забяспечыць радыкальнае зніжэнне злачынстваў і здарэнняў”.

Былы міністр абароны Казлоўскі: Пра сто загінулых салдат Макараў хлусіць
Уладзімір Макараў, фота svaboda.org

Еўрарадыё: Наколькі распаўсюджанай была дзедаўшчына падчас вашай працы міністрам абароны?

Павел Казлоўскі: З таго часу, як мне ўпершыню давялося з ёй сутыкнуцца, і па сёння, я ўпэўнены, прычына дзедаўшчыны ў нядобрасумленным стаўленні камандзіраў да сваіх абавязкаў. Але калі раней дзедаўшчына насіла больш “нацыянальны” характар, да прыкладу, выяўлялася яна ў адносінах паміж каўказцамі і славянамі, то цяпер у беларускім войску дзедаўшчына найчасцей выяўляецца паміж старшынамі ды прапаршчыкамі і навабранцамі.

Еўрарадыё: Уладзімір Макараў сцвярджае, што падчас вашага кіравання войскам, а канкрэтна ў 1993-1994 гадах, колькасць загінулых падчас службы перавышала сто чалавек штогод…

Павел Казлоўскі: Сто чалавек штогод! Ведаеце, я магу сказаць толькі адно: Макараў ― самы сапраўдны балбатун, які абсалютна не ведае статыстыкі тых гадоў. Так, здараліся выпадкі. Салдат салдата застрэліў на пасту. І я асабіста, як міністр, разбіраўся з гэтым ― сустракаўся з маці гэтага салдата. Былі яшчэ нейкія адзінкавыя выпадкі смерці ваеннаслужачых. Але калі Макараў заяўляе, што па сто чалавек гінула! А ў 1994 годзе прыйшлі светлыя людзі і ўсё гэта спынілі… Такіх цудаў не бывае. Я не ведаю, адкуль Макараў узяў гэтыя лічбы. Я спакойна паставіўся да яго абвінавачванняў у свой бок. Але для чалавека, які прадстаўляе інтарэсы, рупара Міністэрства абароны, гэта непрымальна.

Еўрарадыё: Толькі пасля трагедыі ў Печах сталі “агучвацца” іншыя выпадкі смерці салдат. Выпадкі, якія ваеннае ведамства не агучвала. Калі вы былі міністрам, было гэтак жа — трагедыі ў войску не афішаваліся?

Павел Казлоўскі: Мы стараліся гэтага не ўтойваць. Стараліся. Я не хачу сказаць, што такога не магло быць ― недзе, можа, і я нечага не ведаў. Загружаны быў працай, камандзіроўкі розныя, саміты СНД, скарачэнні, вывад войскаў, будаўніцтва… Але сітуацыі смяротныя ― такія выпадкі міма мяне не праходзілі. Адразу, як толькі ў траўні 1992 года ваенная акруга перайшла ў падпарадкаванне Міністэрству абароны, на першай жа ваеннай калегіі мы пра гэтага размаўлялі. І я паставіў задачу, каб каралі за такія здарэнні, не камандзіра полка ці дывізіі, як гэта рабілася ў савецкі час, а канкрэтных людзей. Канкрэтных людзей, вінаватых у канкрэтнай сітуацыі.

Вядома, і ў Савецкай арміі дзедаўшчына была, але мы стараліся рабіць усё магчымае, каб гэтая з’ява не выявілася і ў беларускім войску. І для таго, у тым ліку, усіх прывялі да прысягі беларускай дзяржаве. Рабілі ўсё, што маглі.

Былы міністр абароны Казлоўскі: Пра сто загінулых салдат Макараў хлусіць
Павел Казлоўскі, фота belapan.com

Еўрарадыё: Але пра тыя ж Печы, якія існуюць у Беларусі больш за тры дзесяцігоддзі, кажуць, што там дзедаўшчына была заўжды…

Павел Казлоўскі: Я ўпэўнены, што праблемы з нестатутнымі адносінамі ў Печах былі і ў мой час. Іншая справа ― у якой форме? Такога як цяпер, каб, да прыкладу, прапаршчык грошы ў салдата адбіраў, такога не было. А была яна ў форме абразы, грубага слова. Такога, каб даводзілі салдат да самагубства ― такога не памятаю. Няшчасныя выпадкі здараліся, але не такое.

Еўрарадыё: Што змянілася ў людзях, войску, грамадстве з-за чаго дзедаўшчына часам прымае такую жорсткую і нават садысцкую форму?

Павел Казлоўскі: Уся бяда ў тым, што армія не можа быць адарванай ад грамадства. Па статыстыцы Мінабароны, кожны дзясяты прызыўнік стаяў на ўліку ў міліцыі. Гэта вельмі шмат. Другое: змяніліся патрабаванні да здароўя падчас прызыву ў войска. З той хваробай, з якой раней служыць нельга было, цяпер у войска бяруць. Хто ў выніку трапляе ў войска? Да ўсяго, камандзіры часцяком менавіта моцнага і нахабнага прызначаюць сяржантам ― каб ён навёў “парадак” і ім было лягчэй працаваць з салдатамі. А ў выніку атрымліваем тое, што і маем. Але здатным на здзекі чалавека не армія робіць ― ён такім прыходзіць з “гражданкі”, ён жыў у такім грамадстве.

Еўрарадыё: Ваенны эксперт Аляксандр Алесін лічыць, што дапамагчы звесці да мінімуму дзедаўшчыну можа “дзеяздольны інстытут сяржантаў-малодшых камандзіраў, кантрактнікаў”. Вы згодныя?

Павел Казлоўскі: З думкай Алесіна, што цалкам вынішчыць дзедаўшчыну ніколі не атрымаецца, я згодны. Але я не думаю, што калі прызначыць кантрактнікаў камандзірамі, то будзе менш дзедаўшчыны. У войска з “гражданкі” прыходзіць разбэшчаная моладзь, і усё іх нахабства, бойкі пераходзяць у армейскія шэрагі. Думка пра інстытут сяржантаў, здавалася б, правільная, але пытанне: якія сяржанты прыйдуць у войска сёння, з сённяшняга грамадства?

Еўрарадыё: Ці трэба ў такіх выпадках, як трагедыя ў Печах, міністру абароны сыходзіць у адстаўку? Вы б як паступілі?

Павел Казлоўскі: Думаю, адстаўка міністра ― гэта глупства. У савецкія часу, калі здараліся выпадкі са смяротным вынікам, любілі караць так: камандзіру дывізіі ― няпоўная службовая адпаведнасць, камандзіру полка ― з паніжэннем. А да канкрэтнага вінаватага часам нават і не даходзілі. Так нельга, караць трэба канкрэтных вінаватых. Я не кажу, што трэба спыніцца на сяржанце ці прапаршчыку. Але там ёсць камандзір батальёна, полка, якія непасрэдна адказваюць за выхаванне асабовага складу. Патрабаванне, каб Раўкоў падаў у адстаўку, я лічу глупствам. Так, калі ў мой час салдат салдата застрэліў ― тут ёсць і мая віна. Але казаць, што я тады мусіў падаць у адстаўку, я лічу няправільным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі