Было 2 раненні, адно ў сэрца, другое ў нагу: судэксперт пра справу Тарайкоўскага

Аляксандр Тарайкоўскі загінуў у ноч з 10 на 11 жніўня ў раёне станцыі метро "Пушкінская" / delfi.lt​
Аляксандр Тарайкоўскі загінуў у ноч з 10 на 11 жніўня ў раёне станцыі метро "Пушкінская" / delfi.lt​

 

Аляксандр Тарайкоўскі сапраўды быў забіты гумовымі кулямі, пацвердзіла былая судмедэкспертка Надзея Гурманчук. Больш за 10 гадоў яна прапрацавала ў мінскім упраўленні Камітэта судовых экспертыз, але вымушаная была бегчы з Беларусі разам з мужам і дзіцем. Пра тое, чаму ёй давялося з'ехаць, а таксама пра некаторыя рэзанансныя падзеі апошняга часу яна расказала ў інтэрв'ю Бі-Бі-Сі.

У жніўні 2020 года Гурманчук удзельнічала ў даследаванні трупа Аляксандра Тарайкоўскага. Ён загінуў у ноч на 11 жніўня. Першапачаткова ўлады заяўлялі, што ў яго ў руках спрацавала выбуховае прыстасаванне, якое ён хацеў кінуць.  

"Натуральна, ні пра якое выбуховае прыстасаванне гаворкі не было. У яго кулявыя раненні — адно ў сэрца, другое ў нагу. Гэта гумовыя кулі, я бачыла, як яны выглядаюць", — адзначыла яна. Потым улады прызналі, што былі стрэлы "з несмяротнай зброі".

"Несмяротная зброя, калі яе правільна выкарыстаць. Гэта як страляць халастым снарадам — ён таксама несмяротны, але калі стрэл ва ўпор і ў галаву, то можна і да смерці. Так і тут", —адзначыла Надзея.

Калі адбыўся інцыдэнт у кватэры IT-менеджара Андрэя Зельцара, Гурманчук ужо не было ў краіне. Але калегі расказалі падрабязнасці. Нагадаем, у кватэру мінчука стукаліся сілавікі ў цывільным. Ён не адкрыў, спрабаваў датэлефанавацца ў міліцыю, а калі людзі ў цывільным узламалі дзверы, стрэліў з паляўнічай стрэльбы. Загінуў супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. Зельцара таксама забілі.

У Зельцара было "два агнястрэльныя раненні ў грудзі і адно ў руку. Яго цела доўга не аддавалі, моцна ахоўвалі людзі ў форме і бронекамізэльках — баяліся, што выкрадуць", — расказвае Надзея, спасылаючыся на свае крыніцы. Цела Дзмітрыя Федасюка ўскрывалі ў іншым падраздзяленні, дзе абслугоўваюць сілавікоў. Ніякай інфармацыі пра яго раненні ў Надзеі няма.

Было два ранения, одно в сердце, другое в ногу — судэксперт о деле Тарайковского
Надзея Гурманчук / bbc.com

У інтэрв'ю Бі-Бі-Сі былая судэкспертка расказала таксама пра падзеі жніўня 2020-га, калі да іх у аддзел пайшоў паток збітых людзей з просьбай зафіксаваць пашкоджанні, і як кіраўніцтва забараніла рабіць платныя экспертызы.

"Толькі ў жніўні даводзілася аглядаць па 70 чалавек у дзень. Счарнелыя ад сінякоў целы, гематомы, пераломы", — успамінае Надзея. Нагадаем, ніводнай крымінальнай справы па факце гвалту з боку сілавікоў распачата не было.

Акрамя таго, па яе словах, са студзеня 2021 года ў аддзелах судова-медыцынскай экспертызы ў Мінску перасталі праводзіць дыягностыку на COVID-19 прывезеных цел.

"Падчас чарговага ўскрыцця я ўзяла ад трупа матэрыял на кавід. Адкрыла маразільную камеру, каб пакінуць флаконы на захоўванне да транспартавання: уся камера была застаўленая такімі ж флаконамі. Я пачала высвятляць, у чым рэч, чаму на вірусалогію не вязуць флаконы на што начальства сказала мне, што "не заключаны дагавор", што "цяпер гэта немагчыма", — успамінае Надзея. Аднак без лабараторнага даследавання немагчыма пацвердзіць дыягназ. Адпаведна, такая смерць не трапляе ў статыстыку.

Надзея расказала таксама пра масавыя звальненні, якія пачаліся пасля выбараў і пратэстаў летась. Чысткамі займаўся аддзел "уласнай бяспекі".  Спачатку звольнілі самых актыўных, потым тых, хто пакідаў подпісы не за тых кандыдатаў. У выніку ўсяго за год колькасць судмедэкспертаў у аддзеле Надзеі Гурманчук скарацілася ўдвая. Напісаць заяву па ўласным жаданні і прапанавалі ёй. Спачатку яна адмовілася. Але потым былі ператрус, затрыманне, адміністрацыйная справа. Ужо на Акрэсціна знаёмы ёй супрацоўнік з аддзела бяспекі зноў прапанаваў падпісаць заяву на звальненне ранейшай датай.

Цяпер Надзея Гурманчук з сям'ёй у Польшчы. У будучыні, кажа, яна хацела б вярнуцца дадому.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі