Брытанскім вязням нестае прэзерватываў, а беларускім – паветра і ежы

Пасля інспекцыі па брытанскіх турмах наглядчыкам загадалі звяртацца да вязняў па імёнах, падаваць ежу ў зручны для іх час і выдаваць бясплатныя прэзерватывы. Былы палітвязень Артур Фінькевіч параўноўвае брытанскія "жорсткасці" і беларускую абыдзёншчыну. Кантроль у брытанскіх турмах паказаў, што зняволеных там трактавалі “занадта сурова”. Ахоўнікі звярталіся да іх па прозвішчы, а вячэру падавалі зарана, так што вязні вечарам былі галодныя. У суме рапарт праверкі заняў 200 старонак з заўвагамі да адміністрацыяў турмаў.

Апрача дармовых прэзерватываў, асуджаныя атрымаюць больш вольнага часу па-за камераю і доступ да трэнажорных залаў. Брытанскія вязні маюць доступ да спадарожнікавай тэлевізіі, дармовай тэлефоннай сувязі, ім падаюць сняданак у ложак.

На мінулым тыдні высветлілася, што міністэрства ўнутраных справаў выдаткавала 220 тыс. фунтаў на кансолі для камп'ютарных гульняў. Візіты жанчын сэкс-бізнэсу і лёгкі доступ да наркотыкаў – гэта праблема, з якой турмы марна змагаюцца і сёння. Вязні бавяць час так прыемна, што не хочуць выходзіць на свабоду – заявіў Daily Mail Глін Трэйвіс, прэс-сакратар Таварыства турэмных ахоўнікаў.

Артур Фінькевіч, які адбыў тэрмін у беларускай пенітэнцыярнай сістэме, параўноўвае ўмовы ў брытанскіх і беларускіх турмах.

А.Фінькевіч: Безумоўна, раўняць гэта немагчыма. У беларускіх турмах не хапае свежага паветра, 95% вязняў паліць, а выцяжкаў няма. Перанаселеныя камеры – на 18 месцаў можа быць 27 чалавек. Людзі спяць па чарзе. Ежы не хапае. На месяц можна перадаваць 30 кг перадачаў. Лекі — толькі з дазволу галоўнага лекара. У бальнічку патрапіць вельмі цяжка, амаль немагчыма. Адымаецца здароўе, людзі ў 20 год выходзяць сівыя. Я адчуваю, што пасівеў у 23 гады, баляць сэрца і спіна. Там не хапае вітамінаў. У калоніі вельмі цяжкая праца, з тых, за якія на волі бяруцца мужчыны на кароткі час, каб зарабіць грошай. У калоніі яе выконваюць падоўгу, яна дармовая, рабская. З яе ідзе асноўны прыбытак калоніяў. Зняволеныя цягаюць здаравенныя бярвёны і атрымліваюць за гэта 2 тыс на месяц.

Цяжка параўноўваць становішча вязняў у нашай сацыяльнай дзяржаве і капіталістычнай Брытаніі. Сапраўды, у адных дыяменты занадта дробныя, а ў другіх слёзы занадта буйныя.

Фота — "Малады Фронт"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі