Брэсцкая мытня канфіскавала ўгнаенні на 50 тысяч рублёў

Брэсцкая мытня канфіскавала буйную партыю арганамінеральных угнаенняў коштам на 50 тысяч рублёў, паведамляе прэс-служба Мытнага камітэта. 

У гэтым грузе беларускія мытнікі пабачылі парушэнне правоў інтэлектуальнай уласнасці. Угнаенні іспанскай вытворчасці прыбылі з тэрыторыі Літвы. Мытнае афармленне грузу праводзілася ў Пінску. 

Мытнікі выявілі, што беларуская фірма, якая спецыялізуецца на вытворчасці ўгнаенняў, збіралася "незаконна выкарыстоўваць аб'ект права прамысловай уласнасці без дазволу праваўладальніка".
  
За парушэнне аўтарскага права было канфіскавана больш за 1700 літраў і 6 тон розных арганамінеральных угнаенняў. Беларускай фірме пагражае штраф ад 2550 да 7650 рублёў (ад 100 да 300 базавых велічынь).