Бомж выскачыў пад машыну і загінуў, брастаўчанцы налічылі $6000 за яго лячэнне

Фота з матэрыялаў справы / Еўрарадыё
Фота з матэрыялаў справы / Еўрарадыё

Шматдзетную маці з Брэста Аксану Кароль прыгаварылі да чатырох гадоў дамашняй "хіміі" і выплаты каля $6000 за смяротны наезд на нецвярозага пешахода, які раптоўна выскачыў на дарогу перад яе машынай. Жанчыну прызналі вінаватай у парушэнні ПДР, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека (ч. 2 арт. 317 КК Беларусі).

Родныя Аксаны звязаліся з Еўрарадыё ў пошуках справядлівасці: па іх словах, следства дапусціла некалькі сур'ёзных парушэнняў, на якія не звярнуў увагі суд. Разбіраемся, што да чаго.

 У цёмнай вопратцы і без флікера

Вечарам 20 лютага 2016 году Аксана Кароль ехала дадому на машыне па вуліцы Піянерскай. Раптам з раздзяляльнага астраўка на дарогу выскачыў пешаход ў цёмнай вопратцы і без флікера. Жанчына не паспела затармазіць і збіла яго. Мужчыну паклалі ў бальніцу з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, праз два месяцы ён памёр.

У падобнай сітуацыі расійскі блогер Ілля Рубцоў, які збіў п'янага чалавека на трасе Мінск-Масква, быў пакараны толькі штрафам за перавышэнне хуткасці. Следства прыйшло да высновы, што аварыйную абстаноўку стварыў пешаход, які трапіў пад колы, і вызваліла расіяніна ад крымінальнай адказнасці на падставе адсутнасці складу злачынства.

Брастаўчанка хуткасць не перавышала, але была пакараная больш сурова. На працягу чатырох гадоў яна абавязаная начаваць дома. Дарога на працу павінна займаць у яе не больш за гадзіну, з працы — не больш за тры гадзіны. Выходзіць з дому па выхадных — забаронена, наведваць гарадскія святы — забаронена, паехаць у іншую краіну на адпачынак — забаронена.

Жанчына выхоўвае траіх дзяцей. Суд абавязаў яе аплаціць выдаткі на лячэнне пацярпелага — каля 6000 долараў.

"Дзеці не павінны ні есці, ні піць, таму што трэба аплачваць лячэнне чалавеку, які ўсё жыццё парушаў правілы, быў нецвярозы і выйшаў на дарогу ў неналежным месцы? — абураецца брастаўчанка. — Але я ж ніякіх правілаў не парушала!"

Адкуль узяліся 6000 долараў?

Крымінальную справу па факце ДТЗ распачалі за два тыдні да смерці пацярпелага. Бяздомны Анатоль С. нарадзіўся ва Украіне ў 1959 годзе, злоўжываў спіртным, не раз трапляў у ЛПП, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, знаходзіўся пад вартай. У яго крыві выявілі 1,4 праміле алкаголю. Гэтыя падрабязнасці Аксане сталі вядомыя пазней, пасля прад'яўлення абвінавачання.

"Падчас нашых сустрэч следчы прыкрываў лістком фатаграфію пацярпелага, — успамінае брастаўчанка. — Сказаў толькі, што той у жахлівым стане. Медыцынскія работнікі нічога не казалі, я знаходзілася ў статусе падазраванай.

Ведаю, што два тыдні мужчына ляжаў у Брэсцкай абласной рэанімацыі. Толькі за гэта мне выставілі рахунак 7215 рублёў. Потым яго адправілі лячыцца ў Маларыту, а адтуль у вёску Олтыш (агульны рахунак: 4185 рублёў), дзе ён і памёр. Магчыма, быў бы нейкі іншы вынік, калі б яму аказалі іншае лячэнне, але пракантраляваць гэта я не магла. Нікога з блізкіх так і не знайшлі. А мне за ўсё лячэнне "накапала" пад 6000 долараў.

Бомж выскочил под машину и погиб, брестчанке насчитали $6000 за его лечение

Я тэлефанавала на прамую лінію намесніку міністра аховы здароўя, са мной размаўляла начальніца аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Алена Богдан. Яна сказала, гэта нармальна, 500 долараў у нас каштуе дзень у рэанімацыі".

Бомж выскочил под машину и погиб, брестчанке насчитали $6000 за его лечение

Калі б Аксану не прызналі вінаватай у ДТЗ, яна б не была абавязаная аплачваць лячэнне пацярпелага. Але яе прызналі вінаватай.

Парушэнні падчас следчага эксперыменту

Аксана настойвае, што следчы, які займаўся яе справай, "фальсіфікаваў факты і мэтанакіравана вёў следства да абвінаваўчага выніку".

"Следчыя эксперыменты былі праведзеныя з парушэннямі, таму я да гэтага часу спрабую аспрэчыць прысуд, — тлумачыць Аксана. — Падчас эксперыментаў следчы ўлічваў толькі паказанні сведкі, які спачатку казаў, што адлегласць ад машыны да месца ДТЗ была занадта маленькай, каб зарыентавацца і прытармазіць , а потым сам жа сабе супярэчыў, маўляў, бяздомны ішоў па дарозе сярэднім тэмпам. Калі я спытала ў следчага, чаму ён не звяртае ўвагу на паказанні іншых сведак, чаму не ўсе яны ўдзельнічаюць у эксперыментах, ён адказаў, што ён лепш ведае, чаму.

Бомж выскочил под машину и погиб, брестчанке насчитали $6000 за его лечение
Машына Аксаны пасля ДТЗ

Следчыя эксперыменты павінны праходзіць у максімальна блізкіх да рэальных падзей умовах, для ўстанаўлення ісціны сведак павінна быць як мага больш — у маім выпадку ўсё было зроблена абсалютна процілегла".

Аксана пералічвае іншыя эпізоды, якія лічыць парушэннямі:

— ДТЗ здарылася зімой у цемры, было слізка, святло фар сустрэчных машын сляпіла вочы. Падзеі ўзнаўлялі летам — у чэрвені і ліпені, калі бачнасць на дарозе была значна лепшай.

— На бяздомным была цёмная вопратка, а дэманстратару следчы даў куртку са святлоадбівальным надпісам "Следчы камітэт".

— Асноўны сведка першапачаткова паказваў, што ў крайняй левай паласе перад машынай Аксаны на адлегласці 5-10 метраў рухаўся іншы аўтамабіль, і нават маляваў гэтую машыну на схеме. Але следчы эксперымент праводзіўся без гэтага аўто, якое магло перашкодзіць Аксане ўбачыць пешахода. Брастаўчанка перакананая, што ў дзень закрыцця справы следчы вымусіў сведку змяніць гэтыя паказанні.

У выніку ў справе засталіся толькі аўтамабілі, зафіксаваныя камерай відэаназірання з бліжэйшага аддзялення банка. Аўтамабіля, на наяўнасці якога настойвае Аксана, на запісе няма.

"Застаўся незафіксаваных аўтамабіль "Хуткай дапамогі", які пад'ехаў па трэцяй паласе, — працягвае Аксана. — Кіроўца тралейбуса, які ехаў справа ад мяне і адцягнуў маю ўвагу, выязджаючы на ​​маю паласу, прыйшоў на другі эксперымент і паставіў тралейбус роўна на прыпынку. Кіроўца аўтамабіля, які ехаў за мной на адлегласці 20 метраў, сказаў, што ў той момант, калі пешаход выскачыў на дарогу, стаяў насупраць банка".

Бомж выскочил под машину и погиб, брестчанке насчитали $6000 за его лечение
Стоп-кадр відэазапісу

Такім чынам, тлумачыць жанчына, атрымалася, што месцазнаходжанне аўтамабіляў ссунулася назад, да скрыжавання. Так была штучна павялічаная адлегласць да збітага пешахода, што таксама адыграла не на яе карысць.

Вярхоўны Суд не выявіў істотных парушэнняў

Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Еўрарадыё сказалі, што следчы Віктар Гарбанюк, які займаўся расследаваннем і мог бы растлумачыць, чаму следчыя эксперыменты праходзілі менавіта так, або аспрэчыць крытыку Аксаны, больш не працуе. Прычыну звальнення і новае месца службы следчага называць не сталі.

Сама ж Аксана ўжо тры гады адчайна тэлефануе на гарачыя лініі, піша скаргі ў Следчы Камітэт, Вярхоўны Суд, МУС і іншыя ведамствы. Безвынікова.

У Вярхоўным Судзе лічаць, што довады, выкладзеныя ў скаргах, з'яўляюцца неабгрунтаванымі.

"Высновы суда аб вашай вінаватасці і злачынстве заснаваныя на сукупнасці дастатковых, дапушчальных, дакладных доказаў, у поўнай меры матываваныя і сумненняў у сваёй правільнасці не выклікаюць, — адказвае Аксане намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Руслан Аніскевіч. — Довады, прыведзеныя ў скаргах і накіраваныя на пераацэнку доказаў, задавальненню не падлягаюць. Па справе не дапушчана істотных парушэнняў крымінальна-працэсуальнага закона. Падстаў для прынясення пратэсту і адмены судовых рашэнняў, якія адбыліся па справе, няма".

Бомж выскочил под машину и погиб, брестчанке насчитали $6000 за его лечение
З адказу намесніка старшыні Вярхоўнага Суда Руслана Аніскевіча

"Істотных парушэнняў не выяўлена" — ці азначае гэта, што ёсць неістотныя? Вярхоўны суд сваё рашэнне не каментуе.

Што далей?

24 студзеня 2018 года Аксане прыйшоў яшчэ адзін адказ — з Упраўлення ўласнай бяспекі цэнтральнага апарата Следчага камітэта: "Падстаў для правядзення дадатковых разглядаў няма".

"Я гадую траіх дзяцей. Працую эканамістам, і атрымліваю 300 рублёў у месяц, — кажа Аксана. — Ніякай дапамогі ад дзяржавы не бачыла. Наша сям'я жыве ў старым драўляным доме, які пабудаваны пяцьдзесят гадоў таму. На паляпшэнне жыллёвых умоў не прэтэндуем, самі робім рамонт ўжо не першы год. У дадатак даводзіцца аплачваць такія вось сумы".

Цяпер Аксана Кароль збіраецца звяртацца ў Генеральную пракуратуру і паралельна пісаць у Следчы камітэт, каб ёй падрабязна патлумачылі, чаму следчыя эксперыменты праходзілі з парушэннямі, і за гэта ніхто не адказаў.

"Калі мне не дапамогуць, буду пісаць у Адміністрацыю прэзідэнта, — уздыхае брастаўчанка. — Раней я гэтага не рабіла, бо лічу, што гэта апошняя інстанцыя, куды трэба звяртацца. Але не апускаць жа рукі".

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 07.02:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі