Больш за 90% кантрабандных цыгарэт трапляе ў Літву з Беларусі — Вільня

Кантрабандысты вязуць свой тавар міма мытнага дагляду / З архіву БЕЛТА​
Кантрабандысты вязуць свой тавар міма мытнага дагляду / З архіву БЕЛТА​

Больш за 90% цыгарэт, якія былі незаконна ўвезеныя ў Літву 2020 годзе, паступілі з Беларусі. Такія дадзеныя прыводзіць Мытны дэпартамент гэтай прыбалтыйскай краіны. 

"Па сутнасці, гэта буйнамаштабная кантрабанда", — пракаментаваў сітуацыю дырэктар дэпартамента Ёнас Мішкініс падчас выступу ў парламенце на пасяджэнні парламенцкай камісіі па бюджэце і фінансах. Яго словы прыводзіць агенцтва БелаПАН са спасылкай на калег з BNS.

Мішкініс таксама адзначыў, што такія аб'ёмы кантрабанды "патрабуюць пэўных крокаў і на палітычным узроўні". 

Усяго на тэрыторыю Літвы летась кантрабандным шляхам было ўвезена 388 мільёнаў штук цыгарэт. 93% з гэтага аб'ёму паступіла з Беларусі. 

Беларускія кантрабандныя цыгарэты выяўляюцца і ў іншых краінах. У снежні Еўрапейская паліцэйская арганізацыя (Еўрапол) правяла аперацыю ў шэрагу краін ЕС. Былі задзейнічаныя паліцэйскія з 15 краін ЕС і Вялікабрытаніі. Яны затрымалі 17 падазраваных, канфіскавалі 67 мільёнаў цыгарэт і 2,6 тоны тытуню коштам больш за 35 мільёнаў еўра.

Тады таксама паведамлялася, што 88% канфіскаваных цыгарэт былі беларускай вытворчасці. 

Эксперты мяркуюць, што кантрабанда беларускіх цыгарэт у такіх аб'ёмах адбываецца ў тым ліку і праз цэны на цыгарэты ў Беларусі. Цана тытунёвых вырабаў тут застаецца самай нізкай у параўнанні з іншымі краінамі ЕАЭС і ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі