Вы тут

Больш за 300 паваленых дрэў, пацярпелі людзі — МНС пра ўчорашнюю навальніцу

Моцны вецер падчас учорашняй навальніцы валіў дрэвы, зафіксавана 340 выпадкаў па краіне / minsk.mchs.gov.by​

Як мінімум чатыры чалавекі атрымалі траўмы падчас учорашняй непагадзі, паведамляе МНС. Жанчына і дзяўчынка-падлетак пацярпелі ў Мінску на тэрыторыі ГД "Ждановічы", дзе ветрам сарвала навес.

У вёсцы Чачкава Мінскага раёна на мужчыну ўпала дрэва. З пераломам рэбраў і пнеўматораксам яго забралі ў бальніцу. Ад дрэва пацярпела і жыхарка горада Новалукомль у Віцебскай вобласці. Яе таксама агледзелі медыкі, аказалі першую дапамогу, але ў гэтым выпадку абышлося без шпіталізацыі.

Наступствы непагадзі ў Новалукомлі / @zamkadomby

Усяго, паводле звестак МНС, наступствы праходжання навальнічнага фронту з парывістым ветрам адчулі на сабе ў 31 населеным пункце. Большасць з іх (20) — у Мінскай вобласці. Вецер пашкодзіў дахі 56 жылых дамоў, а таксама некалькіх вытворчых і больш чым паўсотні сельскагаспадарчых будынкаў.

Зафіксаваныя 340 выпадкаў падзення дрэў. Праз падзенне дрэва, да прыкладу, адбылася затрымка ў руху двух пасажырскіх цягнікоў на перагонах у Баранавіцкім раёне і грузавога састава ў Клецкім раёне. Затрымка склала ад гадзіны да 2 гадзін 38 хвілін.

У Мінску праз моцны даождж былі падтопленыя 11 участкаў дарог. Быў прыпынены грамадскі транспарт.

Па ўсёй краіне праз непагадзь перыядычна парушалася электразабеспячэнне. Па стане на шэсць гадзін раніцы 18 жніўня без электрычнасці заставаліся 34 населеныя пункты ў Мінскай вобласці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.