Вы тут

Без новага Бэтмена, але са старым Чалавекам-павуком: як выжывае кінапракат

Даведаліся, якія планы ў сталічных кінапракатчыкаў / калаж Улада Рубанава

Буйныя галівудскія кампаніі адмовіліся ад пракату сваіх фільмаў у Беларусі і Расіі — праз вайну ва Украіне. Беларускія і расійскія прыхільнікі блокбастараў ужо засталіся без пракату "Бэтмена" ў кінатэатрах. І на гэтым спіс адмененых фільмаў наўрад ці скончыцца.

Як з гэтай сітуацыяй будуць спраўляцца беларускія кінатэатры? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да дырэктара па рэпертуары сеткі кінатэатраў Silverscreen Марыны Паляковай.

"Сітуацыя, у якую мы трапілі, яна, вядома, няпростая: Галівуд займаў досыць важкую частку нашай выручкі. Мы шукаем, як трансфармаваць бізнес, як далей з гэтым быць. Але сказаць на бягучы момант, што будзе далей, я не магу. Занадта мала часу прайшло".

"Добра забытае старое"

У расійскіх кінатэатрах на канец сакавіка заяўлена амаль уся фільмаграфія Аляксея Балабанава: абедзве часткі "Брата", "Жмуркі". Зрэшты, "Груз 200" у гэтым спісе адсутнічае.

Ці чакаць старых расійскіх фільмаў у Silverscreen?

"Мэтазгоднасць гэтага выклікае сумнеў, але магчымасць такая ёсць. Мы можам паказваць увесь гэты кантэнт, які заявілі дыстрыб'ютары на тэрыторыі Расіі. І "Брат", і "Брат 2", хутчэй за ўсё, будзе заяўлены ў Беларусі таксама. "Халоп", "Салют 7"— іх ужо нам прапаноўвалі, але каментаваць рэпертуарную палітыку на сённяшні дзень абсурдна, таму што гарызонт планавання — не больш за тыдзень".

Усё, што будзе паказвацца ў найбліжэйшы тыдзень, можна знайсці на сайце Silverscreen. Ёсць там і замежныя навінкі: "Сардэчна запрашаем у Рым", "Флірт з д'яблам", "Найміт", "Тагасветнае" і іншыя фільмы, пра назвы якіх наўрад ці б мы даведаліся не зайшоўшы на сайт кінасеткі.

Пакуль што ў Silverscreen яшчэ паказваюць снежаньскія прэм'еры: "Чалавек-павук: Няма шляху дадому", "Смерць на Ніле", "Анчартэд: На картах не значыцца". Калі вы іх яшчэ не паглядзелі на вялікім экране, то варта паспяшацца: "На цяперашні момант студыі працягнулі пракатныя магчымасці гэтых фільмаў да канца сакавіка, — тлумачыць Палякова. — Што будзе з 1 красавіка — не ведаю".

"Працуем з тым, што ёсць"

Ці ёсць "план Б" у "Кінавідэапраката" Мінгарвыканкама? Спецыялістка аддзела рэпертуарнага планавання і прагназавання паведаміла Еўрарадыё, што цяпер складаюць план на красавік:

"Хутка вакацыі: мы чакаем, што на вакацыях дзеткі прыйдуць. Цяпер рыхтуемся да гэтага: у нас шмат анімацыі ўсякай, такіх вось паказаў. А "план Б"? Працуем з тым, што ёсць, і расстаўляем гэта ў нашы сеткі".

Па словах супрацоўніка "Кінавідэапраката", браць на ўзбраенне абойму старых фільмаў Балабанава не збіраюцца: у планах пераймаць досвед расійскіх пракатчыкаў няма. Пакуль што.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.