Беражкоў: Нельга спартоўцам і журналістам не ўдзельнічаць у Алімпіядзе

Хутка Алімпіяда ў Пекіне. На днях Еўрапарламент прыняў рашэнне байкатаваць цырымонію адкрыцця Алімпійскіх гульняў з-за сітуацыі ў Тыбеце. Ваўчкова ў апошні дзень замянілі на маладога Ігнаціка, а “Прессболу” так і не вяртаюць акрэдытацыю на Алімпіяду. Сённяшні “Відавочца тыдня” – галоўны рэдактар газеты Уладзімер Беражкоў.

Зміцер Траўчук, Еўрарадыё: “Першае пытанне наконт справы з адменай акрэдытацыі газеты “Прессбол” на Алімпійскіх гульнях у Пекіне. Ці змянілася нешта за апошні тыдзень?”

Уладзімір Беражкоў: На жаль, нічога не змянілася: мы так і не акрэдытаваныя і зараз вядзем ліставанне з Нацыянальным Алімпійскім камітэтам. Яны нам прыводзяць аргументы, нібыта словы “Алімпійскі сметнік” крыўдзяць алімпійскі рух, а мы ім пішам, што ў выпадку, калі інфармацыя праўдзівая, то яна ніяк не можа крыўдзіць. Нікога і нічога. Карацей кажучы, нічога не зрушваецца па гэтай справе.

ЕРБ: “Ці збіраеццца “Прессбол” падаваць у суд на Алімпійскі камітэт, калі вам так і не дадуць акрэдытацыю?”


У. Б.: Мы ўсё ж такі не трацім надзею на тое, што атрымаем нарэшце акрэдытацыю. Мы змагаемся за гэта ўсялякімі сродкамі. За нас ужо выступілі ўжо больш за 90 атлетаў, а гэта ўсё людзі з сусветнавядомымі імёнамі. Гэта не кажучы ўжо пра сотні тысячаў чытачоў, якія падтрымалі нас на сайце газеты. І не ўлічваць погляды грамадства ў гэтай справе нельга. Таму я ўсё ж такі спадзяюся і веру ў тое, што акрэдытацыю нам дадуць, бо няма насамрэч ніводнай прычыны, каб яе забіраць.



Нельга спартоўцам і журналістам не ўдзельнічаць у Алімпіядзе


ЕРБ: Наступнае пытанне пра Аліміяду, а дакладней пра яе магчымы байкот. Вось 10 красавіка Еўрапарламент прыняў рашэнне байкатаваць урачыстую цырымонію адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Пекіне. На Вашу думку, гэта добры крок, ці ўсё ж такі спорт павінен заставацца па-за палітыкай? Вось як трэба ўспрымаць гэтую сітуацыю з байкотам Алімпіяды, Тыбетам і саміх Гульнямі ў Пекіне?

У. Б.: Кожны раз, калі палітыкі ўмешваліся ў спорт, гэта абарочвалася скандаламі, бруднымі справамі, і нічога станоўчага гэта не прыносіла ні спорту, ні алімпізму. Можна тут прыгадаць гульні 1936 года, калі іх фашысты ладзілі, таксама байкоты 1980 і 1984 гадоў. Усё гэта не ўпрыгожвае ні спорт, ні палітыкаў, ні Алімпійскі рух наогул. Таму ў ідэале трэба, каб усе гэтыя паняцці трымаліся асобна, не закранаючы адно аднаго. Аднак так, на жаль, не атрымліваецца: нельга жыць у грамадстве і быць свабодным ад яго. Асабіста я супраць таго, каб спартоўцы былі ўцягнутыя ў палітычны скандал вакол Тыбету. Нельга спартоўцам не ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях, бо для кожнага атлета Аліміпяда – гэта мара, і не проста спаборніцтва. Тая ж гісторыя і са спартовымі журналістамі.

ЕРБ: Вось Вы сказалі, што гэта дрэнна, калі палітыка ўмешваецца ў спартовыя справы. А калі наадварот: спартоўцы, скончваючы сваю кар’еру, пачынаюць займацца палітыкай – гэта нармальна? Ці таксама дрэнна, калі спартовец лезе ў палітыку?

У. Б.: Разумееце, кожны чалавек жыве некалькі жыццяў. Так ідзе дзяцінства, малалецтва, юнацтва, потым пэўны перыяд займаецца спортам. З цягам часу ён скончвае актыўныя выступы і трэба пачынаць амаль што новае жыццё. Некаторыя становяцца трэнерамі, некаторыя – навукоўцамі, некаторыя – бамжамі, іншыя ідуць у палітыку. Гэта права чалавека, ніхто не можа забараніць яму займацца тым, чым ён хоча. Я разумею падтэкст вашага пытання... Сапраўды, на днях Нацыянальны Алімпійскі камітэт забараніў атлетам-алімпійцам удзельнічаць у якіх бы там ні было палітычных акцыях. Маецца на ўвазе салідарнасць з Тыбетам і гэтак далей.

Я лічу, што гэта правільна: калі ты атлет, то павінен падчас спаборніцтваў займацца канкрэтна спортам. А калі ты скончыў актыўна займацца спортам – рабі што хочаш!


Самі спартоўцы ўжо даўно не ходзяць на цырымонію адкрыцця Алімпіяды


ЕРБ: Пытанне не толькі пра Беларусь. Калі спартовец-чалец Нацыянальнай зборнай вырашыў асабіста байкатаваць Алімпійскія гульні, ці мае ён на гэта права?

У. Б.: Канешне можа! Ён жа не робат, і яму нельга проста ўзяць і загадаць – ісці ці не. Іншая справа, што спартовец павінен прытрымлівацца правілаў Міжнароднай Алімпійскай Хартыі. А там нідзе не сказана, што спартовец абавязаны “топаць“ на тую ж цырымонію адкрыцця.

Калі ўжо казаць шчыра, то самі спартоўцы ўжо даўно не ходзяць на цырымонію. У адкрыцці ўдзельнічаюць функцыянеры. Я часта бываў на Алімпіядах, бачыў, што ў беларускай дэлегацыі ў складзе нацыянальных камандаў там ідзе абслугоўваючы персанал: адміністратары, масажысты, трэнеры, медыкі і гэтак далей. А самі спартоўцы проста не жадаюць марнаваць час, бо ўжо з раніцы могуць быць першыя спаборніцтвы.

ЕРБ: Гэта, безумоўна, правільна, бо людзі ж туды едуць дзеля спорту, а не дзеля ўдзелу ў відовішчы. Тады давайце пагаворым пра зборную Беларусі. У якіх відах спорту варта чакаць медалі?

У. Б.: Я б хацеў, каб ва ўсіх відах Беларусь узяла медалі. Я веру ў тое, што мы выступім там добра. Іншая справа, што зараз ідзе нейкая падмена паняццяў. Скажам так: у нас на мінулых Аліміпійскіх гульнях ад Беларусі ўдзельнічалі 6 баксёраў, з якіх двое ўзялі медалі. А сёлета мы з цяжкасцю ўзялі толькі тры ліцэнзіі для ўдзелу ў Алімпіядзе. Аднак гэтыя ліцэнзія падаюцца нашым Міністэрствам спорту як сусветнае дасягненне. Гэта і ёсць падмена паняццяў. Такім чынам, людзям расказваюць, што атрыманне ліцэнзіі на ўдзел ў Алімпіядзе роўнае заваяванню медаля.


Замена Ваўчкова на Ігнаціка - вельмі ўдалы тактычны крок


ЕРБ: Кубак Дэвіса, матч са швейцарцамі ў Мінску. У апошні момант замяняюць Ваўчкова на Ігнаціка... Напярэдадні Уладзімір Ваўчкоў заяўляе, што калі ў рэйтынгу ты па-за першай сотняй, тады не варта гуляць у тэніс. Ці звязаныя гэыя дзве падзеі?

У. Б.: Ні ў якім выпадку гэта не звязана з апошнімі выказваннямі Ваўчкова. А звязана гэта з тактычнай барацьбой: мы заўжды ў Мінску перамагалі з-за нейкіх прыдумак і хітрыкаў. Ваўчкоў, які на сённяшні дзень сапраўды знаходзіцца далёка не ў першай сотні, не здолее згуляць тры матчы запар. У той жа час Ігнацік зараз па ўзроўні гульні вельмі прагрэсіўны тэнісіст і можа зрабіць сюрпрыз. У той жа час нават калі і Ігнацік, і Мірны прайграюць, і лік будзе 0:2, то апошні дзень і парны матч пакідаюць усе шанцы на перамогу.

А шанцаў на перамогу ў матчы са швейцарцамі ў нас не вельмі шмат. Узяць нават той жа сусветны рэйтынг... Таму я і расцэньваю замену Ваўчкова на Ігнаціка вельмі ўдалым тактычным крокам на шляху да перамогі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі