“Белавія”: Інфармацыя пра рэйс у Паўночную Карэю непраўдзівая

“Белавія”: Інфармацыя пра рэйс у Паўночную Карэю непраўдзівая

Авіякампанія “Белавія” абвергла распаўсюджаную ў СМІ інфармацыю пра адкрыццё наўпроставых паветраных зносінаў з Паўночнай Карэяй, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прадстаўніцу кампаніі Вольгу Герасенка. Раней з’явілася інфармацыя, нібыта ў траўні наступнага года паміж дзвюма краінамі будуць лятаць самалёты Ту-154.

Як удакладнілі ў “Белавія”, адна з турыстычных кампаній сапраўды звярнулася да перавозчыка з просьбай пралічыць рэйс у Пхеньян, і такое пытанне распрацоўваецца. Аднак ёсць шмат нюансаў — і з атрыманнем візаў, і з камерцыйным абгрунтаваннем. Вольга Герасенка патлумачыла, што гаворка ішла толькі пра разавы рэйс. Магчыма, гэта быў бы чартарны рэйс, калі б тураператар набраў неабходную колькасць пасажыраў.

Пры гэтым перавозчык падкрэсліў, што рашэнне на гэты конт яшчэ не прынятае.

Раней прадстаўнікі кампаніі “Мерлінтур” заявілі, што замовяць у “Белавія” чартарны рэйс у Паўночную Карэю і нават назвалі кошт тура — 2700-2800 еўра.

Фота: aviaphotos.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі