Вы тут

Беларусы Бостана зладзілі "Чарнобыльскі шлях"

"Чарнобыльскі шлях" у Бостане

У суботу, 24 красавіка, беларусы Бостана правялі акцыю памяці, прысвечаную 35-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 

Акцыя адбылася каля Капітолія штата Масачусетс. Удзельнікі "Чарнобыльскага шляху" ўшанавалі памяць ахвяраў Чарнобыльскай трагедыі хвілінай маўчання. На фоне велізарнага трохметровага знака радыеактыўнасці пад трывожныя гукі лічыльніка Гейгера беларусы ў рэспіратарах і абарончых касцюмах расказалі свае гісторыі трагедыі, перажытыя 35 гадоў таму. 

Да беларусаў далучыліся прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары. Удзельнікі акцыі нагадалі амерыканцам, што для радыеактыўных ападкаў няма межаў, а наступствы такіх катастрофаў адчуваюць усе. 

Запуск БелАЭС каля Астраўца, на думку ўдзельнікаў акцыі, небяспечны тым, што адбываецца ва ўмовах глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі і непразрыстасці пратаколаў бяспекі станцыі. Удзельнікі акцыі заклікалі ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі дзеля правядзення свабодных і справядлівых выбараў і патрабавання міжнароднага кантролю за бяспекай БелАЭС.

На акцыі прачыталі ўрыўкі з кнігі Святланы Алексіевіч "Чарнобыльская малітва", пасля чаго шэсце прайшло да памятнага знака, пастаўленага ўкраінскай дыяспарай на пятую гадавіну Чарнобыльскай катастрофы. Тамсама адбылася вулічная выстава работ мастакоў і фатографаў на чарнобыльскую тэматыку. Да кожнай працы была падабраная цытата з "Чарнобыльскай малітвы".

Як вядома, у Беларусі сёлета чыноўнікі забаранілі "Чарнобыльскі Шлях". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.