Вы тут

Беларуску ў Тайландзе апраўдалі па адным з абвінавачанняў

"Насця Рыбка" ў турме. Фота: instagram.com

Беларуску Анастасію Вашукевіч (Насцю Рыбку) у Тайландзе апраўдалі па адным з абвінавачанняў — па справе аб незаконнай прадпрымальніцкай і працоўнай дзейнасці. Такое рашэнне вынес суд тайландскага курортнага горада Патая, інфармуе РІА “Навіны”. Па той жа справе праходзілі яшчэ некалькі расіян і, як мінімум, адзін беларус. Усе яны былі затрыманыя ў канцы лютага за правядзенне нелегальнага “сэкс-трэнінгу” (на ім прысутнічалі больш 40 чалавек, пераважна турыстаў з Расіі, затрымалі кожнага чацвёртага).

Аднак па іншай крымінальнай справе Вашукевіч пагражае працяглы тэрмін зняволення. Днямі стала вядома, што ёй і яшчэ шэрагу асоб выставілі абвінавачанне ў арганізацыі злачыннай супольнасці, змове для здзяйснення злачынства і прадстаўленні паслуг сэксуальнага характару ў складзе злачыннай групы. Разгляд справы прызначаны на 24 красавіка.

Анастасія Вашукевіч стала вядомая 8 лютага сёлета пасля з’яўлення скандальнага карупцыйнага расследавання, зробленага расійскім апазіцыянерам Аляксеем Навальным з дапамогай фота і відэа, якія “Насця Рыбка” змяшчала ў сацсетках. Галоўнымі героямі былі алігарх Алег Дзерыпаска і расійскі віцэ-прэм’ер Сяргей Прыходзька.