Беларускія кардыёхірургі правялі ўнікальную аперацыю 8-гадоваму хлопчыку

Беларускія кардыёхірургі ў РНПЦ дзіцячай хірургіі правялі ўнікальную аперацыю 8-гадоваму хлопчыку. У сэрца дзіцяці імплантавалі штучны жалудачак, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Адзначаецца, што падобная аперацыя праведзена ў нашай краіне ўпершыню.

Хлопчык Дзіма знаходзіўся ў спісе чакання на перасадку сэрца, але яго стан рэзка пагоршыўся. Дактары прыйшлі да высновы, што з тымі захворваннямі і ўскладненнямі, якія дыягнаставалі ў дзіцяці, трансплантацыя донарскага сэрца немагчымая. Імплантацыя штучнага жалудачка была адзіным варыянтам. Аперацыю правёў кардыёхірург Канстанцін Драздоўскі, асістэнтам быў яго калега з Турцыі Уміт Керван.

"Нягледзячы на ўсе складанасці правядзення аператыўнага ўмяшання, пасляаперацыйны перыяд праходзіць спакойна", — піша Мінаховы здароўя.

t.me/minzdravbelarus

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.