Вы тут

Беларуская фура прыехала за светлашумавымі гранатамі? Не зусім так

Беларуская фура каля зброевага завода ў Чэхіі / facebook.com

16 верасня ў чэшскім горадзе Бойкавіцэ — каля зброевага завода ZEVETA — заўважылі фуру на брэсцкіх нумарах, без лагатыпаў перавозчыка. Завод, у прыватнасці, вырабляе светлашумавыя гранаты тыпу тых, якія ўжываліся ў Беларусі для разгону пратэстоўцаў.

На пастаўкі такога ўзбраення аўтарытарнаму рэжыму Лукашэнкі ўжо амаль дзесяць гадоў дзейнічае эмбарга Еўрапейскага Саюза. Пытанні ў праваабаронцаў былі і наконт мінулай партыі гранат, вырабленай, мяркуючы па маркіроўцы, у 2011 годзе. МЗС і Мінабароны Чэхіі каментавалі, што не давалі згоды на пастаўку.

І вось зноў?

Светлашумавыя гранаты / Telegram

Аднак прамых доказаў таго, што фура прыехала менавіта за гранатамі, не было. Да таго ж на паўпрычэпе адсутнічала маркіроўка, неабходная для перавозкі грузаў такога класа небяспекі. Канкрэтна "шумкі " — гэта ADR1 клас небяспекі, як мінімум спераду і ззаду павінны быць вялікія таблічкі аранжавага колеру, — каментуе Еўрарадыё прадпрымальнік, які працуе ў сферы лагістыкі. — Зрэшты, таблічкі можна наляпіць на тэрыторыі прадпрыемства.

Чэшскі сайт Denik N правёў невялікае расследаванне і абвергнуў сувязь загадкавай беларускай фуры з пастаўкамі зброі. "Грузавік не мае дачынення да гранат", — піша Denik N.

Гендырэктар завода ZEVETA Радаслаў Моравец адмаўляе, што завод ажыццяўляе пастаўкі ў Беларусь. А дырэктарка суседняга прадпрыемства Albo Schlenk Ніна Паўлікава кажа, што фура прыехала менавіта да іх — па алюмініевую пасту, якую дадаюць у раствор для вытворчасці газабетонных блокаў:

— Грузавік прыпаркаваўся на аўтастаянцы Albo Schlenk. Потым ён пагрузіў тавары для расійскага кліента на нашай тэрыторыі. Наша кампанія вырабляе алюмініевыя парашкі і пасту, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці газабетонных блокаў або ў якасці пігментаў у лакафарбавых матэрыялах і экспартуюцца ў многія краіны.

Паводле інфармацыі Denik N, груз, які перавозіла фура, быў старанна правераны чэшскай мытняй, каб не дапусціць парушэння эмбарга ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.