Беларуская чыгунка з 13 снежня мяняе графік руху пасажырскіх цягнікоў
Новы графік руху пасажырскіх цягнікоў уводзіць Беларуская чыгунка з 13 снежня.
Як паведамляе сайт арганізацыі, на 2015-2016 гады прадугледжана пастаяннае курсіраванне 30 параў пасажырскіх цягнікоў беларускага фармавання на міжнародных маршрутах. Так, з'явяцца цягнікі №284/283 Баранавічы-Херсон і №816/815 Гродна-Вільня.
У асобныя перыяды захаваюцца папулярныя рэйсы паміж Беларуссю і Расіяй — №50/49 Брэст-Санкт-Пецярбург, №78/77 Гродна-Масква, №132/131 Брэст-Масква. Гэтыя цягнікі будуць курсіраваць з 24 снежня 2015 года па 11 студзеня 2016-га, з 4 сакавіка па 9 сакавіка, з 21 сакавіка па 4 красавіка, з 29 красавіка па 10 траўня, з 1 чэрвеня па 15 верасня і з 24 кастрычніка па 9 лістапада 2016 года.
У міжрэгіянальных зносінах на 2015/2016 год прадугледжаныя 47 параў цягнікоў, з іх 6 — міжрэгіянальных ліній бізнэс-класа. Акрамя таго, ва ўнутрыдзяржаўных зносінах з'явяцца дадатковыя цягнікі.
Падрабязней пра змены ў руху цягнікоў можна паглядзець на сайце Беларускай чыгункі.
Фота: БЕЛТА