Беларусі для сілавога сцэнара рэвалюцыі не хапае свайго Шарля дэ Голя

Параза Расіі ў вайне можа стаць акном магчымасцяў для адбудоўвання незалежнасці Беларусі. Якая палітычная структура найбольш падыходзіць для таго, каб у смутны час узначаліць вызваленчы рух, і што яна павінна будзе рабіць?

— Мне падаецца, што пераходны ўрад павінен быць кааліцыйны. “Хто будзе?” — гэта пытанне не да мяне, гэта пытанне да беларускага народу, каго беларускі народ успрыме ў такой якасці, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё Дзмітрый Шчыгельскі, прадстаўнік руху “Супраціў”, датычны да “справы аб замаху на Лукашэнку”. — Фактычна з першай секунды трэба будзе займацца справамі са спецслужбамі.

Усе кажуць, што трэба КДБ люстраваць, усіх павыганяць. Але я катэгарычна з гэтым не пагаджуся. Нам трэба будзе ўзмацняць спецслужбы для таго, каб супрацьстаяць расійскаму фактару, які ў гісторыі Беларусі быў заўсёды дэструктыўны. Нам трэба будзе вельмі сур’ёзна займацца войскам, эканомікай і шмат якімі пытаннямі.

Аляксей Арастовіч кажа, што Украіна не будзе адказваць на дзеянні рэжыму Лукашэнкі, які спрыяе расійскай агрэсіі. І наўрад ці Украіна стане для беларускіх добраахвотнікаў той пляцоўкай, з якой пачнецца сілавое вызваленне Беларусі.

— Ніхто не кажа пра тое, што Украіна зробіцца нейкім спонсарам батальёна Кастуся Каліноўскага, які пойдзе на Беларусь, — лічыць Дзмітрый Шчыгельскі. — Галоўнае тое, што хлопцы атрымліваюць досвед і ўсё астатняе, неабходнае для таго, каб змяніць гэты рэжым.

Ці дастаткова аднаго батальёна каліноўцаў для сілавога вырашэння пытання?

— Калі Расія пацярпіць сур’ёзную ваенную паразу, то вельмі верагодна, што ў яе гэта выкліча палітычны, эканамічны і сацыяльны крызіс. Расіі будзе не да Беларусі. Гэты крызіс, хутчэй за ўсё, будзе і ў беларускага рэжыму. У гэтых умовах беларускае войска, магчыма, не будзе ўмешвацца. Мы збіралі інфармацыю пра настроі ў арміі. Яна ў такім выпадку, хутчэй за ўсё, будзе чакаць, хто пераможа. Тое, што структуры МУС у гэты момант будуць гатовыя ахвяраваць жыццём за Лукашэнку, — гэта мне падаецца сумнеўным.

Калі будзе рэвалюцыйная сітуацыя, то, канешне, аднаго батальёна недастаткова. Але батальён — гэта тое, чаго не хапіла ў жніўні 2020 года. Магчыма, што зноў узнікнуць пратэсты. Бо пытанні, якія іх выклікалі, ніяк не вырашаныя. Людзі не задаволеныя тым, што адбываецца.

Ваяры батальёна Каліноўскага / фота @belwarriors

Але ж у Беларусі пануе атмасфера рэпрэсій і гвалту. Ці знойдуцца тыя, хто вырашыць выйсці на пратэсты?

— Я ведаю людзей, якія ўжо адбылі свой тэрмін па палітычных прысудах, — кажа Дзмітрый Шчыгельскі. — Яны кажуць, што ў жніўні 2020 года трэба было дзейнічаць зусім па-іншаму. Гэтыя людзі знаходзяцца ў даволі аптымістычным стане і настроены рашуча. Я лічу, што Лукашэнка сам вырасціць свайго магільшчыка праз тых, каго ён прагнаў праз Акрэсціна, праз катаванні, каго ён зневажаў і пасадзіў.

Як на цяперашні момант выглядае структура нацыянальна-вызваленчага руху і чаго ў ёй не хапае?

— У нас ёсць кааліцыя пратэсных двароў, якая навучылася выжываць і працаваць у жудасных умовах. У нас ёсць “Буслы”, “Дружыны народнай самаабароны”. Ёсць батальён Кастуся Каліноўскага, ёсць аперацыі, якія праводзіў BYPOL. Нам патрэбен свой Шарль дэ Голь, які будзе палітычным прадстаўніком гэтага руху і каго гэты рух прызнае. А проста выскачыць і сказаць “я буду беларускім дэ Голем” — гэта несур’ёзна, — рэзюмуе Дзмітрый Шчыгельскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.