Беларус з Замежнага легіёна пасмяротна стаў героем Францыі
Беларус Андрэй Жук пасмяротна атрымаў званне героя Францыі. Ён быў адным з 13 вайскоўцаў, якія тыдзень таму загінулі ў Малі. Вайскоўцы загінулі пры сутыкненні двух верталётаў падчас аперацыі супраць джыхадыстаў.
Выхадзец з Беларусі 11 гадоў праслужыў у французскім Замежным легіёне і даслужыўся да звання старшага сяржанта, перадае rfi.fr.
2 снежня ў Парыжы адбылася нацыянальная цырымонія развітання з загінулымі вайскоўцамі. У сваёй прамове прэзідэнт Эманюэль Макрон падрабязна нагадаў пра кожнага з іх.
Французскі прэзідэнт паведаміў, што Андрэю Жуку было 43 гады і 11 гадоў таму ён паступіў на службу ў Замежны легіён сапёрам дэсанту.
"Ён прайшоў узорны воінскі шлях да горнастралковага спецназу. Ён некалькі разоў удзельнічаў у аперацыях у рэгіёне Сахеля. 2-і інжынерны полк Замежнага легіёну захавае памяць пра гэтага салдата выключнай адвагі. Памяць пра француза — не па крывi, успадкаванай ад продкаў, а па пралітай ім крыві. Ён быў бацькам чацвярых дзяцей. Ён зрабіў свой выбар — абараняць нашу краіну і нашы каштоўнасці", — падкрэсліў Макрон.
Вядома, што першы кантракт на службу ў Замежным легіёне наш суайчыннік падпісаў 30 студзеня 2008 года. Адмысловае навучанне на базе легіёну завяршыў як выдатнік баявой падрыхтоўкі. У чэрвені 2008-га паступіў на службу ў 2-і інжынерны полк. У званні легіянера 1-га класа неўзабаве стаў інструктарам. У лютым 2010-га атрымаў званне капрала, а ў 2011-м даслужыўся да унтэр-афіцэрскага статусу. Званне старэйшага сяржанта Андрэй Жук атрымаў 1 студзеня 2018 года.
З 2017 года служыў у элітным падраздзяленні 27-й горнастралковай брыгады.
Паводле інфармацыі Мінабароны Францыі, Андрэй Жук удзельнічаў у трох французскіх ваенных аперацыях за мяжой, служыў у Афганістане, Малі, Французскай Гвіяне і на французскай ваеннай базе ў Джыбуці.
За час службы Андрэй Жук быў уганараваны бронзавым крыжам "За вайсковую доблесць" (Croix de la Valeur militaire) і некалькімі медалямі.
Le sergent-chef Andreï JOUK du #2REG est mort pour la France dans l’accomplissement de sa mission au sein de l’opération #Barkhane. Âgé de 43 ans, marié, il était père de quatre enfants. L'@armeedeterre adresse à sa famille et à ses proches ses plus sincères condoléances. pic.twitter.com/kIQcD5jJBv
— Armée de Terre (@armeedeterre) November 26, 2019
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.