Беларусь пачала адгрузкі калію праз расійскія парты па дэмпінгавых цэнах

Беларусь пачала адгрузкі калійных угнаенняў праз расійскія парты па дэмпінгавых цэнах. Пра гэта піша расійскае выданне "Коммерсант". Адзначаецца, што гэта "ускладняе жыццё нацыянальным гульцам" — расійскім кампаніям, прыбыткі якіх зніжаюцца. Сцвярджаецца, што "Беларуськалій" "агрэсіўна дэмпінгуе", зніжкі "могуць дасягаць 50%". Эксперты не выключаюць, што ў гэтай сітуацыі могуць пацярпець канадскія вытворцы калію, якія на фоне спынення паставак з Беларусі планавалі раскансерваваць магутнасці.

Выданне мае даныя, што "Беларуськалій" заключыў дамову на перавалку 2 мільёнаў тон калію да канца 2023-га ў кантэйнерах з аператарам "Кістоўн Ладжысцікс" (гадавы аб'ём вытворчасці — каля 11 млн тон). Пастаўкі ідуць праз два тэрміналы ў Санкт-Пецярбургу і адзін ва Уладзівастоку. У чэрвені 120 тысяч тон калію было адпраўлена ў Кітай праз расійскую чыгунку.

Беларускі вытворца калійных угнаенняў летась трапіў пад санкцыі ЕС і ЗША. З 1 лютага 2022 года Літва спыніла транзіт у Клайпеду. Пасля пачатку вайны ва Украіне для Беларусі застаўся толькі адзін варыянт паставак калію за мяжу — праз Расію. У траўні Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў вазіць калій... мяшкамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.