Беларусь — апошняя ў агульнасусветным рэйтынгу рэжыму падаткаабкладання

Беларусь заняла апошняе, 183-е, месца ў агульнасусветным рэйтынгу рэжыму падаткаабкладання, які вызначае складанасць сістэм вылічэння і выплаты падаткаў. Такія вынікі чацвёртага штогадовага даследавання "Выплата падаткаў 2010. Міжнародны агляд", падрыхтаванага Сусветным банкам, Міжнароднай фінансавай карпарацыяй і PricewaterhouseCoopers. У даследаванні, як паведамляе БелаПАН, разглядаецца працэс выплаты падаткаў у 183 краінах з гледзішча адміністрацыйнай нагрузкі для захавання патрабаванняў падатковага заканадаўства, а таксама праводзіцца разлік сумарных падатковых абавязанняў у адсоткавых адносінах да сумы прыбытку кампаній да выліку падаткаў.

Падатковыя сістэмы краін параўноўваюцца па трох паказчыках: па колькасці падатковых плацяжоў; колькасці часу, які затрачваецца на падатковае адміністраванне; падатковых выдатках бізнэсу, якія вымераюцца эфектыўнай стаўкай усіх падаткаў. Гэтыя тры параметры фармуюць сукупны паказчык.

Сёлета ў дзясятку краін-лідэраў з пункта гледжання простасці выплаты падаткаў увайшлі (у парадку змяншэння): Мальдывы, Катар, Ганконг (Кітай), Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Сінгапур, Ірландыя, Саудаўская Аравія, Аман, Новая Зеландыя і Кірыбаці.

У дзясятку краін, дзе падатковы рэжым з'яўляецца найболей складаным, увайшлі наступныя краіны (займаюць 174—183-ю пазіцыі ў спісе): Ямайка, Маўрытанія, Гамбія, Балівія, Узбекістан, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Рэспубліка Конга, Украіна, Венесуэла і Беларусь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі