Узнагароды фестывалю "Бульбамуві" — у фільмаў "Бой з ценем" і "Смеццевая галава"

Падчас фэсту "Бульбамуві" / facebook.com/bulbamovie

Пераможцамі фэсту беларускага кіно "Бульбамуві" сталі дзве стужкі, піша тг-канал "Священный Белавуд".

Пераможцы фэсту былі вызначаныя праз глядацкае галасаванне. Імі сталі дакументальная стужка Надзеі Родкінай "Бой з ценем" і гульнявая карціна Юрыя Сямашкі "Смеццевая галава".

"Бой з ценем" — біяграфічны фільм-партрэт палітычнага эмігранта Дзімы. Пасля збіцця і катаванняў ён з'ехаў у Польшчу, але падтрымлівае кантакты са сваякамі арыштаваных сяброў.

"Смеццевая галава" — фільм-прытча пра маладога актора і рэжысёра, які падпрацоўвае смецяром. Ён знаходзіць чароўную галаву, якая можа выконваць жаданні. Гэтая карціна атрымала таксама ўзнагароду ад Польскай дзяржаўнай фільматэкі.

Фэст беларускага кіно "Бульбамуві" завяршыўся 20 лістапада ў варшаўскім кінатэатры "Ілюзіён".
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.