Палітвязня Ярашука абвінавацілі ў закліках да санкцый, супраць якіх ён выступаў

Аляксандру Ярашуку выставілі новае абвінавачванне — заклікі да санкцый. Яму пагражае ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення свабоды, піша "Народная воля" са спасылкай на свае крыніцы. Кіраўнік Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (ліквідаваны Вярхоўным судом РБ) знаходзіцца за кратамі з красавіка 2022 года, у траўні прызнаны праваабаронцамі палітвязнем. Спачатку яго абвінавачвалі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх".

Выданне нагадвае пра тое, што Ярашук публічна адкрыта выступаў супраць увядзення жорскіх санкцый у дачыненні Беларусі, з-за чаго стаў аб'ектам крытыкі з боку апазіцыі. Аднак сілавікі знайшлі ў яго камп'ютары нейкую крамолу, якая пацягнула на цэлы новы крымінальны артыкул.

Мяркуецца, што крымінальную справу будуць разглядаць у Мінскім гарадскім судзе, дата яшчэ невядомая. Па ёй таксама праходзяць намеснік Аляксандра Ярашука Сяргей Антусевіч і бухгалтар Ірына Бут-Гусаім.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.