МУС Літвы скасоўвае дамову аб супрацоўніцтве з МУС Беларусі

Агне Білатайтэ / delfi.lt

МУС Літвы скасоўвае дамову аб супрацоўніцтве з МУС Беларусі, паведамляе Delfi. Дакумент быў падпісаны ў 1993 годзе. Па словах літоўскага міністра ўнутраных спраў Агне Білатайтэ, практычнай рэалізацыі пагаднення не было з часу "несправядлівых прэзідэнцкіх выбараў" у Беларусі ў 2020 годзе.

"Літва не бачыць магчымасцяў для супрацоўніцтва з варожымі рэжымамі, — кажа Білатайтэ. — Беларусь, будучы найбліжэйшым саюзнікам крамлёўскага рэжыму, працягваючы гібрыдную атаку супраць Літвы і рукамі сваіх чыноўнікаў выцясняючы нелегальных мігрантаў у нашу краіну, не можа і не будзе партнёрам Літвы ні ва ўнутраных справах, ні ў іншых сферах".

Яшчэ шэраг пагадненняў МУС Літвы з беларускім міністэрствам могуць быць скасаваны толькі рашэннем ураду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.