Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб правах чалавека ў РБ: трыбунал для Лукашэнкі

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца / Reuters

Еўрапарламент прагаласаваў за рэзалюцыю аб правах чалавека ў Беларусі. У ёй канстатуецца, што парушэнні правоў чалавека і пераслед палітычных апанентаў працягваюцца. Таксама пералічваюцца апошнія палітычныя працэсы, згадваецца прыначэнне першага завочнага суда над палітуцекачамі.

Еўрапарламент выказаў салідарнасць з беларускім народам, дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю. Ён асуджае рэпрэсіі і ўдзел РБ у расійскай агрэсіі супраць Украіны, патрабуе вызвалення палітвязняў. У рэзалюцыі асуджаюцца спробы Аляксандра Лукашэнкі падарваць беларускую культуру і русіфікаваць нацыю.

Еўрадэпутаты вітаюць прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру праваабаронцу і палітвязню Алесю Бяляцкаму. Яны заклікаюць вызваліць яго перад цырымоніяй уручэння прэміі.

У рэзалюцыі "Аб працягу рэпрэсій супраць дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі" падкрэсліваецца, што Лукашэнка і звязаныя з ім асобы нясуць роўную адказнасць за ваенныя злачынствы ва Украіне, і яны павінны несці адказнасць перад Міжнародным трыбуналам і Міжнародным крымінальным судом.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.