“Апрануў вышыванку і ты беларус? Не”: культуролаг пра “новую беларускасць”

Уладзімір Макей / МЗС

“Я ўвогуле не разумею, што гэта такое і навошта гэта патрэбна”, — кажа ў эфіры Еўрарадыё культуролаг Максім Жбанкоў пра ідэю нацыянальнага адраджэння.

“Гэта выглядае, як вяртанне жывых мерцвякоў. То бок яны ўжо як бы прайшлі — мы гэта пражылі, але мы зараз гэта аднавім і будзем жыць як у пазамінулым стагоддзі. Сама ідэя адраджэння была цудоўнай у межах недзе сярэдзіны 90-х на хвалі гэтага нацыянал-рамантызму. Зараз вяртацца да гэтай тэмы — гэта жыць пазамінулым днём. Думаю, што гэта абсалютна няправільна”.

На думку Жбанкова, у цяперашніх умовах больш разумна казаць не пра адраджэнне, а пра адбудову новай нацыянальнай самасвядомасці, новай нацыянальнай ментальнасці, нацыі будучыні.

“Мне няёмка паўтараць банальныя рэчы, але ці можа існаваць беларускамоўны беларус? Безумоўна можа. А ці можа існаваць ангельскамоўны беларус? Безумоўна можа. А калі ты беларус у Нью-Ёрку, ты што, не беларус? Таксама беларус, але ў іншым вымярэнні. Мяне засмучнае гэтая этна-настальгічная прывязка да мадэлі беларускасці, бо, як па мне, беларускасць — гэта адкрыты праект. Калі мы хочам быць актуальнымі, то трэба адмаўляцца ад гэтай этнаграфічнай зашоранасці”.

Беларускасць, па словах культуролага, трэба разглядаць як поле магчымасцяў, як сістэму асабістых праектаў, а не як агульны універсальны стандарт, паводле якога мы будзем меркаваць і пра сябе, і пра кагосьці іншага.

“Для мяне новая беларускасць — гэта адмова ад відавочных простых рашэнняў. Ты апрануў вышыванку і ты беларус? Ну не, гэта не працуе. Ты размаўляеш па-беларуску і што? Гэтага хапае? А што далей? А што ты любіш? А што ты хочаш? А што ты можаш даць Беларусі?”  

Максім Жбанкоў таксама дае параду перастаць параўноваць беларусаў з украінцамі, а замест пакутаў засяродзіцца на новых беларускіх праектах.

“Напрыклад, наш цудоўны дакументаліст Андрэй Куціла — ён не ў Беларусі, але па сутнасці гэта і ёсць эфектыўнае прасоўванне беларускасці — праз гэтыя стужкі, праз гэтыя фільмы. У нас таксама ёсць ідэя стварыць прэзентацыю незалежнага беларускага кіно на Берлінскім кінафэсце. І гэта таксама прасоўванне нашай беларускасці. Тобок калі мы не думаем пра свае пакуты і пачынаем дбаць пра эфектыўнасць свайго прадукту, пра якасць свайго прамаўлення, пра энергію свайго выказвання, тады ў нас няма часу крыўдзіцца і шкадаваць — мы будуем новую краіну”.

Пакутаванне, на думку Жбанкова, ні да чога карыснага не прывядзе. І ў гэтым ёсць прыклады ў мінулым:

“Калі вяртацца ў сітуацыю 90-х, то беларускасць тады была партызанскай культурай андэграўнду. Ясна было, што мы на слабых ралях, не можам пераламіць усе абставіны, можам толькі ціха і паслядоўна казаць сваё. І гэта таксама слабая пазіцыя. І справа ў тым, што ніхто пераможнай ментальнасці нас не вучыў. 2020-ы толькі павялічыў нашу траўматычную свядомасць. Праз гэта варта перайсці, бо калі гэтага не зробім, то будзем няшчаснымі мігранцікамі, якія ходзяць з працягнутай рукой”.   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.