Баец-беларус з "ЛНР": Нашых тут шмат, больш за 500 чалавек, яны паўсюль…

Так званая армія Наваросіі ахвотна вярбуе грамадзян Беларусі ў свае шэрагі, хоць гэта і забаронена нашым заканадаўствам, а за ўдзел у вайсковых канфліктах прадугледжанае крымінальнае пакаранне. У сацыяльных сетках размешчана некалькі актыўных суполак, дзе даюцца прамыя тэлефоны і старонкі непасрэдных каардынатараў.

Набіраем нумар данецкага ваенкамата, які падаецца ў інтэрнэт-абвестцы. Нас перанакіроўваюць на Уладзіслава, “які займаецца добраахвотнікамі”.

“Я ведаю, вашы ваююць, — вярбоўшчыка відавочна ўсцешыла, што яму тэлефануюць з Беларусі. Уладзіслаў адразу пераходзіць да інструкцый. — Вам трэба прыехаць у Растоў-на-Доне. Адтуль ходзяць аўтобусы, маршруткі ў Данецк. Праз мяжу праблем ніякіх: хоць беларусы, хоць расіяне — усё адно. Адзінае, з сабой рэкамендую ўзяць берцы, разгрузку (камізэлька з кішэнямі, якія пакуюцца боепрыпасамі, — Еўрарадыё) і форму расійскую, “горка” называецца. У прынцыпе, форму выдаюць на месцы, але берцы ўсё ж рэкамендую ўзяць, бо на месцы звычайна выдаюць боты…”

Форму і берцы, пра якія распавядае вярбоўшчык, у Расіі можна набыць усяго за 100 долараў. Уладзіслаў цягам гутаркі кажа і пра тое, што можа дапамагчы з уладкаваннем у падраздзяленні палявых камандзіраў Гіві ці Матаролы.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, каб даказаць датычнасць Расіі да “апалчэння Наваросіі”, дэманструе расійскія пашпарты. Але ў данецкіх ваенкаматах расійскага следу не хаваюць увогуле. Нам даюць расійскі нумар яшчэ аднаго вярбоўшчыка, Славы. Той гатовы сустрэць беларускага добраахвотніка прама ў Растове-на-Доне.

“Толькі папярэдзьце мяне загадзя, таму што з Беларусі вам дабірацца больш за два дні. Абмундзіраванне і ўсё астатняе можаце атрымаць на месцы, у Данецку”.

Вярбоўшчык цікавіцца баявым досведам “добраахвотніка” і не расчароўваецца, калі называю сябе “сувязістам”.

На развітанне цікаўлюся грашыма, якія плацяць сепаратыстам.

“Там, куды я вас пасылаю, у падраздзяленнях грашовае ўтрыманне выплачваецца, — абяцае Слава. — Худа-бедна, капеечку, але плацяць”.

Якая зарплата ў радавога сепаратыста за месяц?

Ствараем фэйкавую анкету ў сацыяльных сетках, ставім фота ў балаклаве і выходзім на тых, хто ваюе на баку сепаратыстаў ДНР і ЛНР, ці ўжо там пабылі. Усе называюць больш-менш аднолькавую лічбу па заробках.

360 баксаў радавы атрымлівае”, — дзеліцца інфармацыяй сепаратыст Юрый, які прыехаў з расійскага Арла.

“У нас былі зарплаты, але яны прыходзілі з затрымкай. Вельмі-вельмі вялікай, — паведамляе Мсціслаў. Па фотаздымках у анкеце бачна, што гэта ультраправы расійскі актывіст, які мае дачыненне да футбольных фанатаў. — Хоць некаторыя падраздзяленні своечасова атрымліваюць. У нас хлопцы мелі па 300 баксаў. Але я асабіста ні капейкі не атрымаў. Назад з’язджаў на грошы таварышаў”.

“Плацяць на дробныя расходы. Не больш за 300$”, — адказвае на пытанне Сяргей, які прыехаў ваяваць на Усход Украіны за Наваросію з беларускага Іўя.

Больш-менш прыстойныя грошы плацяць толькі сур’ёзным наймітам, якія прайшлі добрую падрыхтоўку і маюць афіцэрскія званні.

“Па звестках, гэта плюс-мінус 100000 расійскіх рублёў (каля 1400 долараў, — Еўрарадыё)”, — кажа Валерый з Наварасійска, які таксама збіраецца на Усход Украіны. — А ўвогуле, ваюем не дзеля грошай. Еду амаль голы. У мяне яшчэ двое дзяцей”.

“Беларусы, я чуў, былі ад пачатку. Афганцы і былыя вайскоўцы”

Звяртаемся ў Камітэт Дзяржбяспекі, каб даведацца, якая колькасць беларусаў ваюе сёння ва Украіне як з боку сепаратыстаў, так і з боку ўкраінскай арміі.

“Да інфармацыі, якая была агучаная яшчэ у канцы мінулага года, нічога дадаць не магу. Органамі дзяржбяспекі гэтая сітуацыя кантралюецца, — каментуе прэс-сакратар КДБ Артур Стрэх. — Пералік такіх асоб, іх колькасць мы не агучваем. Я не думаю, што ўсе людзі, якія з'явіліся ў інтэрнэце, сапраўды з'яўляюцца беларусамі, і ў кожным разе, гэтую інфармацыю варта правяраць. Калі намі будуць атрыманыя дакладныя звесткі пра тое, што беларусы бяруць удзел на тым ці іншым баку гэтага канфлікту, мы, зразумела, будзем паведамляць пра яе ўстаноўленым парадкам”.

Нагадаем, што баец “Белы”, які ваюе за сепаратыстаў у падраздзяленні “Спарта”, у інтэрв’ю Еўрарадыё паведаміў, што з беларусаў у Данецку сустракаў “адзінак”. Але хлопец у гутарцы быў вельмі асцярожны і на пачатку нават не выдаваў свайго пабраціма, з якім бачыцца штодня, і разам служыў у 2012-2013 гадах у мар’інагорскім спецназе.

Інтэрв'ю з "Белым", беларускім дэсантнікам, які ваюе пад кіраўніцтвам Матаролы

Дарэчы, толькі былых дэсантнікаў з Мар’інай горкі ў "Наваросіі" налічваем траіх. Гэта, хто не хаваецца. Сапраўдная лічба не вядомая.

“Беларусы, я чуў, былі нібыта ад самага пачатку ў Славянскай брыгадзе ў Стралкова, — распавядае луганчанін Расціслаў, які ваюе ў шэрагах так званай ЛНР. — Там большасць была — афганцы і былыя вайскоўцы. Усе — з Беларусі і РФ”.

Толькі адзін такі грамадзянін Беларусі адкрыта расказаў пра свае подзвігі і нават прадэманстраваў журналістам тэлеканала “Белсат” свой пашпарт. Гэта 45-гадовы Анатоль Малчанаў з Гомеля, які ўдзельнічаў у вайне з самага прыходу “зялёных чалавечкаў” у Крым.

“Думаў, у Наваросіі беларусаў сотні, а атрымліваецца, што іх адзінкі”, — пішам сепаратысту Сяргею, усё таму ж, так бы мовіць, земляку з Іўя.

“Нашых шмат, больш за 500. Паўсюль, не ў адным месцы…”

Адзначым, што на кантакт сепаратысты ідуць вельмі ахвотна, падбадзёрваюць і нават раяць не ехаць на вайну, калі трэба карміць сям’ю. Бачна, што людзі збольшага выпраўляюцца на Усход Украіны не за грашыма. Імі кіруе ці то рамантыка, ці то ўдалая прапаганда на расійскім ТБ.

У наступным матэрыяле мы распавядзём пра канкрэтныя лёсы беларусаў, якія выправіліся ваяваць за “Русcкий мир” на Данбас.

Дзе яны працавалі, служылі і ў якіх герояў вераць, пра гэта — у чацвер, 12 лютага на Еўрарадыё.