Бабарыка: "Я не збіраюся ні з кім ваяваць. Я іду не на вайну, а на выбары"

Віктар Бабарыка каля ўвахода ў ЦВК / Еўрарадыё
Віктар Бабарыка каля ўвахода ў ЦВК / Еўрарадыё

Сёння ЦВК зарэгістравала ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі пад нумарам 6. Выйшаўшы пасля пасяджэння, ён заявіў што ў камісіі не было падстаў іх не рэгістраваць. Наступны этап — збор 100 тысяч подпісаў. Былы кіраўнік Белгазпрамбанка адказаў на пытанні журналістаў і пастараўся, хай пакуль і не ідэальна, гаварыць на беларускай мове.

Адказваючы на пытанне пра тое, што яго называюць стаўленікам Масквы і прарасійскім кандыдатам, прэтэндэнт у кандыдаты быў гранічна сціслы:

"З майго пункту гледжання, адказ заўсёды ў любога кандыдата ў прэзідэнты павінен быць адзін — я прабеларускі кандыдат. У мяне іншага адказу няма".

У выпадку перамогі Віктар Бабарыка не плануе ні з кім "ваяваць": "Я іду не на вайну, а на выбары. Калі будзе перамога, я не думаю, што яе трэба будзе перад кімсьці адстойваць. Мы жывём у краіне, якая хай і здаецца недэмакратычнай, але цалкам добрай і спакойнай, дзе пры правільнай арганізацыі работы воля народа будзе пачутая. Волю народа фальсіфікаваць немагчыма", — заявіў прэтэндэнт у кандыдаты пра тое, што будзе, калі ён выйграе.

І растлумачыў, што вырашыў вылучацца на выбары прэзідэнта ў Беларусі, таму што адчувае адказнасць і магчымасць гэта зрабіць:

"Ва мне ў апошнюю чаргу сыграў чалавек Савецкага Саюза: калі не я, то хто ж. Калі ты разумееш, чаму мы знаходзімся ў гэтым пункце, калі ты разумееш, што трэба рабіць, то застаўся маленькі крок, каб узяць на сябе гэту адказнасць і ўвасабляць гэта ў жыццё. Як сказаў мой сын выдатную фразу: "Ведаючы цябе, ты ніколі сабе не даруеш, што ты гэтага не зробіш".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі