Вы тут

Айцішнік збег ад хіміі, стварыў прыкладанне і прыцягнуў паўмільёна інвестыцый

Андрэй Пазняк прыдумаў прыкладанне, якое ператварае тэкст у гук. Распрацоўка прыцягнула паўмільёна даляраў інвестыцый / pixabay

Беларус Андрэй Пазняк распрацаваў прыкладанне Peech, якое ператворыць тэкст у чалавечую мову, якая гучыць "цалкам натуральна", піша спецыялізаванае выданне TechCrunch. Яго распрацоўка прыцягнула 550 тысяч даляраў інвестыцый.

Сам Пазняк быў вымушаны пакінуць Беларусь у 2020 годзе. Яго затрымалі 11 жніўня, а пасля асудзілі на 3 гады "хіміі" па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У тым жа годзе ён з'ехаў з Беларусі ва Украіну, а за некалькі месяцаў да пачатку вайны пераехаў у Польшчу.

Peech даступны на 50 мовах. Журналісты TechCrunch пішуць, што гэтае прыкладанне не заменіць добрую аўдыёкнігу, але дазволіць праслухоўваць доўгія артыкулы ў інтэрнэце або дакументы, калі няма часу іх чытаць.

Распрацоўка беларуса грунтуецца на 6-7 розных мадэлях машыннага навучання, сярод якіх —  распрацоўкі Google і Microsoft. Некаторыя мадэлі створаныя камандай самога Пазняка.

Журналісты заўважаюць, што такое прыкладанне можа быць карысным не толькі для аматараў падкастаў і аўдыёкніг, але і для людзей са слабым зрокам, дыслексіяй або іншымі праблемамі, якія ўскладняюць чытанне. Каб "агучыць" тэкст, дастаткова ўставіць у Peech URL-адрас артыкула і папрасіць прыкладанне яе прачытаць.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.