Аўтуховіч: "Нам ніхто не зможа сказаць, што мы нічога не спрабавалі зрабіць"

У гродзенскай турме працягваецца гучны судовы працэс над "групай Аўтуховіча". У аўторак Мікалай Аўтуховіч зноў даваў паказанні. Ён заявіў, што не збіраўся са зброяй у руках захопліваць уладу, а хацеў пасадзейнічаць яе змене з дапамогай "самай масавай акцыі пратэсту", якая мусіла працягвацца "да перамогі". Аўтуховіч назваў яе "беларускім Майданам".

"Мы стараліся супрацьстаяць. Хаця б спрабавалі, цытуе словы Мікалая Аўтуховіча sb.by. — Мы бачылі, што тытульная апазіцыя гэтым не займалася. Нам ніхто не зможа сказаць, што мы нічога не спрабавалі зрабіць".

Аўтуховіч падкрэсліў, што іншыя абвінавачаныя не бачылі і не ведалі пра зброю, а таксама не маюць дачынення да нейкіх "планаў захопу ўлады". Ён ужо неаднаразова заяўляў пра невінаватасць іншых фігурантаў справы.

На пытанне пра "партызанскі рух" Мікалай Аўтуховіч адказваць адмовіўся.

Удзельнікі "групы Аўтуховіча" знаходзяцца за кратамі з канца 2020 года. Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч быў арганізатарам і кіраўніком "злачыннай групоўкі", якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў. Суд у гродзенскай турме пачаўся 18 траўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.