Аўтар копіі крыжа Ефрасінні Полацкай прадставіў у Брэсце сваю выставу (фота)

Мастак-ювелір Мікалай Кузьміч прадставіў у Брэсце персанальную выставу. Экспазіцыя адкрылася ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра.

"Кропка" (менавіта так называецца выстава) прымеркаваная да 65-годдзя майстра. На ёй прадстаўлена каля 70 прац, выкананых ў тэхніцы гарачай эмалі. Гэтую тэхніку Мікалай Кузьміч выкарыстоўваў пры стварэнні свайго найзнакаміцейшага твору — поўнапамернай копіі Крыжа Ефрасінні Полацкай, які стаў нацыянальнай рэліквіяй.

У каментары Еўрарадыё Мікалай Кузьміч растлумачыў назву экспазіцыі. Мастак суцешыў сваіх прыхільнікаў: "Кропка" не сімвалізуе завяршэнне творчага шляху, а нават наадварот дае пачатак новым памкненням аўтара.

Кузьміч: "Кропка — гэта і пачатак, і можа быць шматкроп'е... Кропка — гэта і зямны шар, і зоркі... Я так разумею, кропка — гэта пачатак майго шляху. Апошнія працы, якія прадстаўленыя, — гэта цыкл "Мінулае і сучаснасць". Даступнымі мне сродками я спрабую гутарыць са сваімі продкамі, а таксама хочу данесці свае перажыванні гледачу".

Азнаёміцца з працамі ганаровага дзеяча мастацтва Беларусі можна будзе да 12 снежня.